Logo
Print this page

Каталіцкая моладзь абяцае захоўваць цнатлівасць да шлюбу

Урачыстае пасвячэнне ў рух чыстых сэрцаў прайшло ў Навагрудку.

20 лістапада ў касцёле Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася ўрачыстая цырымонія дабравольнага пасвячэння ў рух чыстых сэрцаў. Шэсць маладых людзей перад алтаром склалі абяцанні весці цнатлівае жыццё да шлюбу.

Праз гэты жэст у прысутнасці парафіяльнай супольнасці моладзь выказала, што сапраўдную, верную, чыстую любоў варта чакаць. Сваіх будучых мужоў, жонак і дзяцей яны даверылі Богу. Таксама моладзь выказала жаданне «прапаведаваць у сваім асяроддзі чысціню ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай, нягледзячы на стэрэатыпы, якія склаліся ў сучасным грамадстве».

Бацькі і родныя кандыдатаў пасля абраду абяцанняў адзелі сваім дзецям на безыменны палец правай рукі пярсцёнкі з надпісам на англійскай мове «сапраўдная любоў чакае». Па традыцыі гэты пярсцёнак будзе заменены на іншы ў момант заключэння сакрамэнтальнага сужэнства.

Рух чыстых сэрцаў яднае вялікую колькасць маладых людзей па ўсім свеце. 20 лістапада на мапе свету — у Гродзенскай дыяцэзіі — з’явілася яшчэ адна кропка, дзе моладзь адкрыта супрацьпастаўляецца сучаснай амаральнай маскультуры і не на словах ідзе за Хрыстом.

Сatholic.by

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.