BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Апостальскі нунцый: прыярытэт - арганізацыя візіту Папы ў Беларусь

Пасол Ватыкана ўручыў даверчую грамату прэзідэнту Беларусі.

13 снежня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр ўручыў даверчую грамату прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Пасол Ватыкана адзначыў, што аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносінаў з Беларуссю і назваў сваёй прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту ў Беларусь Папы Рымскага Францішка. Але адзначыў, што пакуль не можа назваць тэрмінаў і праграмы візіту, паведамляе рэспубліканская прэса.

- Беларусы вельмі міралюбныя, гэта тая нацыя, якая імкнецца да міру з усімі краінамі, у тым ліку сваімі суседзямі, - заявіў арцыбіскуп. Таксама ён адзначыў добры ўзровень супрацоўніцтва Рыма-каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў у Беларусі.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць ва ўмацаванні супрацоўніцтва Беларусі са Святым Пасадам:

- Для нашай краіны Ватыкан - асаблівы партнёр у міжнародным дыялогу. У нас склаліся выключнае паразуменне і давер з кіраўнікамі Рыма-каталіцкай царквы і асабіста з Яго Святасцю Папам Рымскім Францішкам.

Прэзідэнт Беларусі таксама выказаў перакананасць, што пры новым Апостальскім Нунцыі двухбаковае супрацоўніцтва захавае і ўмацуе традыцыйна дружалюбны і плённы характар, перадае прэс-служба прэзідэнта, які 13 снежня прыняў даверчыя граматы ад паслоў Канады, Францыі, Літвы, Люксембурга, Буркіна-Фасо, Інданезіі, Фінляндыі, Манголіі, Эрытрэі, Эстоніі і Апостальскага нунцыя ў Беларусі.

Нагадаем, новы Апостальскі нунцый прыбыў у Беларусь у сярэдзіне жніўня. Мансеньёр Габар Пінтэр (Gábor Pintér) нарадзіўся 9 сакавіка 1964 г. у Венгрыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 11 чэрвеня 1988 г.; з’яўляецца прэзбітэрам дыяцэзіі Ваца (Венгрыя). Знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 1 ліпеня 1996 г.; працаваў у Гаіці, Балівіі, Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і рускай мовамі.

Last modified onАўторак, 13 Снежань 2016 14:20
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць