75 год мучаніцтва святароў адзначылі пад Івянцом [фота]
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Comments (1)
Біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу ў Баравікоўшчыне, куды прыйшлі пешыя пілігрымкі.
У нядзелю ў вёсцы Баравікоўшчына ля Івянца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі цэлебраваў святую Імшу з нагоды 75-й гадавіны мучаніцкай смерці душпастыраў парафіі ў Пяршаях, благаслаўлёных айцоў францішканцаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня.
У 1943 годзе фашысты вырашылі спаліць жыхароў вёскі Пяршаі за дапамогу партызанам. Справа ў тым, што напярэдадні ў рэгіёне адбылася значная падзея - аперацыя польскіх і савецкіх партызанаў, якая атрымала назву «Перазвон». Аперацыя таксама вядомая як Івянецкае паўстанне, калі быў разбіты цэлы нямецкі гарнізон, а горад быў захоплены партызанамі. Гэта было першае паўстанне такога маштабу на ўсёй акупаванай тэрыторыі Еўропы, і паўтарыць яго больш ніхто не змог на працягу Другой сусветнай вайны.
У адказ на паўстанне фашысты вырашылі правесці карную аперацыю «Герман» у гонар Германа Герынга, другога чалавека пасля Гітлера ў нацыстскай Нямеччыне.
І вось у Пяршаях фашысты выгналі з дамоў каля 200 жыхароў. Да групы мужчынаў далучылі айцоў Ахілеса і Германа - іх папярэдзілі пра карную аперацыю.
Яны разумелі, што будуць забітыя, але не пакінулі паству, засталіся да канца са сваімі парафіянамі.
Святароў разам з амаль сотняю мужчынаў пагналі ў Баравікоўшчыну, затым карнікі адлучылі святароў, адвялі ў забудову, збілі, затым расстралялі і спалілі целы ў драўляным будынку. А астатніх людзей, якіх ужо сагналі ў гумно, каб спаліць, раптам адпусцілі.
Праз некалькі дзен людзі, якія выжылі ў лясах падчас карных аперацый, адшукалі на папялішчы парэшткі пастыраў і пахавалі іх пры касцёле ў Пяршаях, а на хвалях перабудовы вернікі аднавілі магілку сваіх дабрадзеяў. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ далучыў айцоў Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня да ліку благаслаўлёных. Штогод на месца пакутніцкай смерці святароў ідуць пешыя пілігрымкі з Івянца і Пяршаяў, тут праводзіцца святая Імша пры ўдзеле некалькіх соцень вернікаў.
Related items
-
«Я не бот». Верніца, якую лічаць правакатарам, распавяла пра сябе
-
Абвінавачванне пакуль не прад'явілі, цёплыя рэчы не прынялі – з'явіліся весткі пра святара з Валожына
-
Біскуп пракаментаваў абстрэл Украіны ў юбілей Галадамору
-
«Не адхілены ад служэння, дзяцей не мае». Вернікі абвяргаюць чуткі пра пробашча ў Стоўбцах
-
Выйшаў незвычайны каляндар-2024 – з малюнкамі храмаў ад зняволенага
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу