Арханёла Міхала просяць супрацьстаяць рэстарану ў Курапатах, разводам і іншаму злу
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Па касцёлах Беларусі пачалося падарожжа фігуры святога Арханёла.
29 верасня, калі ў Каталіцкай царкве адзначаецца свята Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у мінскім катэдральным саборы Найсвяцейшага Імя Марыі ўрачыста пачалася перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала. Скульптура была прывезена з Італіі.
Мэта перэгрынацыі (падарожжа, вандравання) - малітва за Беларусь і ажыўленне культу нябеснага апекуна Каталіцкай царквы ў Беларусі «для таго, каб супрацьстаяць злу, умацоўваць веру і вучыцца быць сведкамі Евангелля», патлумачыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле яго, бунт супраць Бога праяўляецца, у прыватнасці, у прыняцці законаў, якія супярэчаць Божаму закону, у прапагандзе амаральнага ладу жыцця. Мітрапаліт з горыччу адзначыў, што гэта зло закранула і наша грамадства: разводы, шлюбная нявернасць, крызіс сям'і і жыцця, нянавісць, акультызм, секты, прапаганда гендэрнай ідэалогіі і гомасэксуалізму - цытуе Catholic.by.
Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч нагадвае аб з'яўленні рэстарана «Поедем поедим», пабудаванага ля ўрочышча Курапаты - месцы, дзе спачываюць ахвяры масавых рэпрэсій савецкага рэжыму. Іерарх назваў гэта праявай непавагі да памяці памерлых і культу пакутнікаў.
«Наша грамадства перажывае вялікі маральны крызіс, які можа з'яўляцца прычынай ўсіх іншых крызісаў», - указаў Мітрапаліт.
Заняпад маральнасці сучаснага свету такі сур'ёзная, што нагадвае апакаліптычныя часы, кажа старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі:
- Але нягледзячы на гэта, Бог не перастае любіць чалавека і працягвае яму руку дапамогі. Сённяшняе свята заклікае нас зрабіць рахунак сумлення з мэтай убачыць руку міласэрнага Бога, які хоча вырваць нас з небяспекі, з граху і бессэнсоўнасць жыцця.
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што святы Арханёл Міхал з'яўляецца анёлам Божай міласэрнасці, якога на абразах часта малююць з вагамі ў руцэ. На іх важацца добрыя і кепскія справы чалавека.
На працягу тыдня раніцай і ўвечары парафіяне сталічнага катэдральнага касцёла будуць маліцца праз заступніцтва святога Міхала за сем'і, за мір, за памерлых. А 6 кастрычніка, пасля малітвы па Ружанцы ў 18 гадзін, фігура Арханёла Міхала будзе ўрачыста перанесена ў храм Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Пасля падарожжа па сталічных касцёлах статуя адправіцца ў іншыя гарады і вёскі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Нагадаем, раней Фацімская статуя Багародзіцы падарожнічала па Беларусі. Месцамі нават на возе (фота).
Related items
-
Рэкордная колькасць дзяцей прыме Першую Камунію ў мінскім катэдральным касцёле
-
«Чорны анёл» ля духавенства. Ці не прынясе матэрыяльная карысць духоўную шкоду?
-
Чаму Ватыкан падтрымлівае сувязь з аўтарытарнымі дзяржавамі, патлумачыў Папа Рымскі
-
Каталіцкая царква не дабраслаўляе аднаполыя пары – Папа Рымскі ўнёс яснасць
-
Цяпер – і ў Дзень працы. Католікам у Беларусі дазволілі не трымаць пятнічны пост 1 мая