BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Абраза пачуццяў вернікаў» - мітрапаліт Кандрусевіч пра знос крыжоў у Курапатах

Каталіцкі іерарх заклікаў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў Беластоку на рэабілітацыі пасля аперацыі на спіне, выступіў з заявай адносна зносу крыжоў у Курапатах. Кожнае месца смерці і пахавання - святое, гэта месца памяці і малітвы, гаворыць арцыбіскуп. У прыватнасці Курапаты - неад’емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні.

Было паведамлена, што ў Курапатах будзе ўстаноўлены памятны знак, каля якога таксама можна будзе памаліцца. Аднак ніхто не спытаў прадстаўнікоў веравызнанняў, як павінна выглядаць месца малітвы, асабліва капліца: ці яна павінна быць міжканфесійнай і міжрэлігійнай, ці, можа, лепш кожнаму веравызнанню мець сваю, нагадвае каталіцкі іерарх.

Між тым неабыякавыя да трагедыі масавых забойстваў людзі прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца, і імкнуліся нейкім чынам пазначыць гэтае месца і ўшанаваць памяць забітых і пахаваных тут продкаў і суайчыннікаў. Такім чынам ва ўрочышчы з’явіліся крыжы, як гэта спрадвеку прынята рабіць на могілках і ў месцах пахаванняў. Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць.

- Нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Ніхто не кажа пра тое, што не трэба ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, але не коштам абразы пачуццяў вернікаў. Я лічу, што неабходна арганізаваць грамадскае абмеркаванне плану ўпарадкавання тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў, - заявіў мітрапаліт Кандрусевіч.

Таксама ён нагадаў, што акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста:

- З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль, сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца.

Арцыбіскуп, з надзеяй і малітвай аб мірным вырашэнні праблемы, заклікае адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі, цытуе Сatholic.by.

- Наша краіна патрабуе стабільнасці, а раскачванне чоўна палітычнага і грамадскага жыцця супярэчыць гэтаму. Крыж не павінен падзяляць, бо ён яднае неба з зямлёю, а людзей - паміж сабою ў адзіную сям’ю братоў і сясцёр, - упэўнены старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць