BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

"Гасподзь прыходзіць". Час спытаць, на чыім мы баку - Бога ці д’ябла

Свет засяроджваецца на часовых, а не вечных каштоўнасцях, адзначае Тадэвуш Кандрусевіч

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да каталіцкіх вернікаў з пастырскім пасланнем на Адвэнт. Ён нагадаў, што слова «адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце», і для веруючых гэта час чакання прыйсця Збаўцы. Падчас літургіі слова ў I Нядзелю Адвэнта гучыць урывак, у якім прарок Ісая прадстаўляе бачанне міру без войнаў у гармоніі з Богам.

- Мір патрэбны для нашага духоўнага і жыццёвага ўдасканалення, - цытуе пасланне мітрапаліта Catholic.by. - На будынку офіса ААН у Лондане змешчаны словы прарока Ісаі: «перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць». На вялікі жаль, ААН, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ўсталяванне міру і справядлівасці ў свеце, нягледзячы на шматлікія ініцыятывы, не можа яго дасягнуць. Замест таго, каб жыць у гармоніі, мы бачым праявы несправядлівасці, падзелы, войны і тэрарыстычныя акты.

Прычыну гэтага каталіцкі іерарх бачыць у тым, што сучасны сусветны парадак, які базуецца на бездухоўным гуманізме, не працуе:

- Толькі Валадарства Хрыста ў сэрцах людзей можа прынесці мір і справядлівасць у наш свет. Чалавечых высілкаў не дастакова. Іх неабходна падмацоўваць духоўнымі. Мір і справядлівасць у свеце немагчымы без міру ў нашых сэрцах. Менавіта таму галоўнай мэтай Адвэнту з’яўляецца паяднанне з Богам, Касцёлам і бліжнімі.

У снежні мы перажываем найбольш кароткія дні года, і для некаторых людзей гэта становіцца прычынай вялікіх праблем са здароўем, яны хварэюць ад недахопу сонечнага святла, працягвае арцыбіскуп:

- Аднак ёсць яшчэ і іншы тып святла - духоўны. Менавіта таму апостал Павел у другім сённяшнім чытанні ў Пасланні да Рымлянаў заклікае абудзіцца ад сну, бо ноч прайшла і настаў дзень. Для гэтага неабходна адкінуць учынкі цемры і апрануцца ў зброю святла, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, каб паводзіць сябе прыстойна.

Таксама ў сваім лісце мітрапаліт прыводзіць цытату святога Аўгустына: «Калі Бог на першым месцы, то ўсё на сваім месцы». Паводле іерарха, Адвэнт - гэта вельмі добры час спытацца ў саміх сябе: хто і што знаходзіцца на першым месцы ў нашым жыцці:

- Сучасны чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем розных выклікаў. Шмат людзей страцілі пачуццё таго, што найважнейшае, і «богам» учынілі матэрыяльныя каштоўнасці, славу, задавальненні і нават працу, бо сталі працаголікамі. Адвэнт нагадвае пра тое, што, нягледзячы на секулярызацыю, якая ўзмацняецца з кожным днём, і адыход ад вучэння Евангелля, Збаўца Езус Хрыстус прыходзіць, стукае ў дзверы нашых сэрцаў і чакае, каб мы іх адчынілі Яму, каб Ён быў на першым месцы, аднавіў наша жыццё і ўмацаваў новай надзеяй.

Тадэвуш Кандрусевіч задаецца пытаннем: што здарылася з сучасным светам, які адкідвае тое, што іншых вядзе да духоўнай дасканаласці і святасці? Чаму сучасны свет сярод шматлікіх, добрых і патрэбных дасягненняў нашага часу не бачыць духоўных? Чаму засяроджваецца на часовых, а не вечных?

- Дзякуючы веры мы становімся нашчадкамі неба. Менавіта вера павінна быць дарам Божага Нараджэння, бо яна не філасофская ідэя, але спатканне з асобай Езуса Хрыста, да святкавання Нараджэння якога мы рыхтуемся ў Адвэнце. Час Адвэнту - гэта добрая нагода спытаць сябе, на чыім мы баку - Бога ці д’ябла. Гэта вельмі актуальная праблема, бо не заўсёды мы, як веруючыя, сведчым аб нашай прыналежнасці да Хрыста, падкрэсліў мітрапаліт.

Ён пажадаў вернікам не страціць сапраўднае значэнне Божага Нараджэння, не паддацца спакусам дэмана замяніць падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння і само яго святкаванне на сезоннае святкаванне, не забыцца пра штодзённую малітву, чытанне Святога Пісання, удзел у святой Імшы, адвэнтавых рэкалекцыях, пакутных набажэнствах з-за перадсвяточнай мітусні, наведванняў у гэты час кірмашоў і гандлёвыя цэнтраў.

Last modified onНядзеля, 01 Снежань 2019 09:25
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць