Біскуп Юры Касабуцкі: Мы бачым актывізацыю рэпрэсій
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Каталіцкі іерарх заклікаў маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова, а таксама за ўсіх церпячых за свае погляды
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі на сваёй старонцы ў Facebook пракаментаваў арышт каталіцкага святара і адзначыў актывізацыю рэпрэсій у дачыненні да Каталіцкай царквы. Нагадаем, ксендз Вячаслаў Барок 3 снежня атрымаў 10 сутак арышту па адміністрацыйным артыкуле.
- Гэта ўжо другі каталіцкі святар, які ў гэтыя дні будзе знаходзіцца за кратамі (30 лістапада 10 сутак арышту атрымаў грэка-каталіцкі святар айцец Віталь Быстроў). Мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, - піша іерарх. - Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць гвалту, супраць хлусні і фальшы, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа. Аднак усё гэта хтосці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці...
Біскуп Юры Касабуцкі зноў заклікаў да ўзмацнення малітвы за Бацькаўшчыну, за народ:
- За тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, за тых, каго запалохваюць і шантажыруюць, за ўсіх церпячых і за тых, каму асабліва патрэбна наша малітоўная падтрымка.
Асабліва падчас Адвэнту, які цяпер перажываюць католікі, іерарх папрасіў узмоцнена маліцца, а па меры магчымасці і жадання далучыць практыкі посту - напрыклад, ахвяраваць у гэтых інтэнцыях дадатковы пост не толькі ў пятніцу, але і ў іншы дзень.
- Прашу па меры магчымасці ў кожным касцёле, кожнай капліцы публічна маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова, - адзначыў біскуп. - Дай нам, Божа, усім патрэбныя ласкі ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў!
Media
Related items
-
Упершыню новы пробашч у Будславе звярнуўся да вернікаў
-
Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік
-
«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
-
Стаў вядомы загадкавы «Асаблівы госць» Юбілею моладзі ў Брэсце
-
«Дзе няма справядлівасці, няма дзяржавы». Папа Рымскі – пра важныя аспекты жыцця грамадства