BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пераасэнсаваць сябе. Працягваецца рэгістрацыя на Novafest ва Уселюбе

Хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі адбудзецца 21 жніўня

Працягваецца падрыхтоўка пляцоўкі для правядзення Хрысціянскага фестывалю-рэкалекцый Novafest ва Уселюбе. Нагадаем, фестываль адбудзецца 21 жніўня, і арганізатары запрашаюць кожнага далучыцца да праслаўлення Бога ў Тройцы Адзінага, стаць часткай гэтага праслаўлення, бо галоўная мэта фестывалю - паглыбіць духоўнае перажыванне прысутнасці Жывога Бога ў жыцці кожнага ўдзельніка.

Сучаснае жыццё нагадвае бегавую дарожку па аднатыпнай трасе, дзе кожны імкнецца капіраваць адзін аднаго… “Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі”, – знакамітая фраза італьянскага хлапчука Карла Акуціса, якога зусім нядаўна Касцёл абвясціў бласлаўлёным. Хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі Novafest прапануе кожнаму паглядзець на сваё жыццё з пункту гледжання сэнсу, якім яго надзяляе для нас Сам Бог. І такое пераасэнсаванне сябе можа адбыцца толькі падчас сустрэчы з Богам Жывым – Тым, Каторы ацаляе чалавечыя сэрцы і душы сёння так, як і тысячагоддзі таму.

Тэмай сёлеташняга фестывалю будзе праслаўленне Бога “ў духу і праўдзе” (Ян 4,23). Праслаўляючы Бога, мы яднаемся з Ім у духу. Бог Айцец выбраў народ Ізраэльскі, і ўзвысіў яго па-над родамі, і паставіў над ім царом Давіда, пра якога казаў “знайшоў Я мужа па сэрцу Майму” (Дз 13, 22). Каб зразумець лепей, чаму Бог так палюбіў Давіда і адорваў яго і ягоны род асаблівымі ласкамі, арганізатары фестывалю звярнуліся да асобы цара, які ўсё жыццё праслаўляў Бога псальмамі і музыкай.

Калі малітва – гэта сустрэча з Богам, то музыка – гэта таксама малітва, якая гарманічна і моцна гучыць з глыбіні сэрца, а габрэйская музыка праслаўлення Бога тым больш дапаможа нам яшчэ глыбей зразумець гэтую еднасць з Богам Ізраэля. На фестывалi можна будзе пачуць перакладзеныя на беларускую мову габрэйскія песні праслаўлення, якія насычаны Божым Словам, а таксама спакойныя спевы, якія дапамогуць з’яднацца з Богам у асабістай малітве.

Наогул, для выканання музычнай праграмы музыканты рыхтуюцца не толькі прафесіянальна, але перш за ўсё духоўна, каб праз свой талент несці Божае Слова з чыстых сэрцаў. Малітоўная праграма будзе ўключаць у сябе Святую Імшу, Ружанец, Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, Адарацыю Крыжа. Госці фестывалю змогуць адпачыць у даліне “Эйн-Керем”, якая сімвалічна нагадвае пра тое месца ў Ерузалеме, дзе цяжарная Маці Божая сустрэлася са Святой Альжбетай.

На тэрыторыі Даліны блакітных крыжоў пройдзе Крыжовы Шлях, які можна будзе перажыць разам з Езусам праз пастановачнае дзеянне, якое рыхтуе каманда валанцёраў. Асаблівае месца на фестывалi будуць займаць сведчанні рэальных людзей аб цудах, якія Езус учыніў у іх жыцці. Сярод сведчанняў будуць i самыя неверагодныя – сведчанні святасці сярод сучаснай моладзі!

Госці фестывалю ўбачаць кароткія відэафільмы пра бл. Карла Акуціса і сястру Клэр Крокет. Прадстаўнікі каталіцкіх рухаў падзеляцца з намі сваім досведам, як служэнне Богу можа зрабіць чалавека шчаслівым! Для гасцей фестываля будзе працаваць кафэ, дзе можна будзе пачаставацца гарбатай, кавай, печывам, піцай. Таксама пры рэгістрацыі на фестываль можна замовіць паўнавартасны абед.

Нагадваем, што для ўдзелу ў фестывалі абавязкова рэгістрацыя. Зарэгістравацца можна па тэлефонах:

+375 33 320 11 48, Наталля (viber, telegram)

+375 44 759 08 67, Ірына (viber)

+375 29 124 93 21, Вольга (viber, telegram)

Або online па спасылцы https://forms.gle/vcaL1t2xb152tcx3A

З Мінска на фестываль арганізуюцца аўтобусы па маршруце: Мінск – Уселюб – Мінск. Выезд з Мінска а 8:00 гадзіне, прыбыццё ў Мінск – каля 00:00. Кошт праезду ў аўтобусе (у два бакі) – 25 руб/чал. Кошт абеда ва Уселюбе – 10 руб/чал (гарнір з мяснымі стравамі, салата, гарбата/кава + печыва).

Запісацца ў паездку з Мінска і набыць білет на аўтобус можна па тэлефонах: + 375 29 124 93 21 +375 33 320 11 48 + 375 29 754 64 11

Падрабязней пра фестываль можна прачытаць па спасылцы: www.natusest.com/fest

Аўтары артыкула: Святлана Герасімовіч, Дар'я Шур, Алена Казловiч

Last modified onПанядзелак, 19 Ліпень 2021 17:19

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць