BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Не Касцёл лезе ў палітыку, а наадварот». Як святар правёў 6 дзён за кратамі і за што яго будуць судзіць

Пробашча каталіцкай парафіі ў Лынтупах абвінавацілі ў «незаконным пікетаванні» і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У камеры ён стрымаў строгі пост.

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі святога Апостала Андрэя ў Лынтупах (Віцебская вобласць) ксёндз Аляксандр Баран пасля вызвалення з ізалятара распавёў Katolik.life аб тым, што здарылася.

«Гэта быў як гром з яснага неба - мяне запрасілі ў міліцыю проста пагаварыць. Я ішоў, нават не ўяўляючы, што ад мяне хочуць. А аказалася, што ў іх ужо ўсё было гатова да майго арышту: ляжалі стосы папер, нейкія дакументы».

На святара адразу склалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Нагодай стала тое, што ў фота на профілі ў сацсетцы ксёндз Аляксандр размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг 24 лютага - у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны.

«Для мяне, як і для іншых хрысціян, - гэта знак Хрыста ўваскрослага, які нясе мір. А сцяг Украіны я размясціў таму, што служыў там, у мяне засталіся сябры і сваякі ва Украіне, і такім чынам я хацеў паказаць, што памятаю пра іх і люблю», - тлумачыць святар.

Пробашча адразу затрымалі і адправілі за краты. У выніку ў ізалятары ён правёў шэсць дзён:

«Цяпер мы перажываем Вялікі пост, і для мяне гэта былі вельмі добрыя рэкалекцыі: строгі пост на хлебе і вадзе, шмат малітвы. Дзякуй Богу, мне дазволілі перадаць акуляры і Брэвіярый - каб я мог маліцца. Умовы ў ізалятары - як у сярэднявеччы. Да таго, як да мяне дапусцілі адваката, стаўленне да мяне было хамскім. Я зразумеў, што перажывалі святары падчас сталінскіх рэпрэсій у 1930-х гадах, якіх гэтак жа кідалі за краты».

Калі прайшло трое сутак пасля затрымання, і па законе святара абавязаны былі альбо судзіць, альбо вызваліць, на яго склалі новы пратакол і такім чынам змаглі падоўжыць арышт яшчэ на тры дні. На гэты раз абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па артыкуле 19.11 КаАП:

«На маіх старонках знайшлі "лайкі" за 2020 год пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі "экстрэмісцкімі". І ў гэтым мяне абвінавацілі. Я ім спрабаваў растлумачыць, што сотні тысяч беларусаў у той час ставілі такія ж "лайкі" - атрымліваецца, іх усіх таксама трэба судзіць? Чаму святар не можа цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў краіне і свеце, чэрпаць інфармацыю з розных крыніц? Але яны гэта не ўспрымалі».

Ксёндз Аляксандр мяркуе, што такімі дзеяннямі спрабуюць дыскрэдытаваць святароў, якія маюць аўтарытэт сярод вернікаў:

«Я ім сказаў, што якая б ні была ўлада, Каталіцкая Царква заўсёды будзе рабіць адно - абвяшчаць праўду Евангелля Божага, а не палітыку якіх-небудзь партый. І не Касцёл улазіць у палітыку, а наадварот - яны сваёй палітыкай лезуць у жыццё кожнага чалавека, у жыццё Касцёла, хочуць знішчыць яго аўтарытэт, закрыць раты».

Ксёндз Аляксандр не прызнаў сваю віну ні па адным абвінавачванні - бо ён не праводзіў ніякія пікеты і не распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а быў падпісаны на інфармацыйныя каналы для асабістага карыстання.

Суд над святаром паводле двух пратаколаў прызначаны на 4 красавіка. Ён пройдзе ў 11.00 у Паставах. Ксёндз Аляксандр просіць аб малітве і адзначае, што многія вернікі падтрымліваюць яго, спачуваюць і аб'ядноўваюцца ў малітве.

Нагадаем, з-за суда за «экстрэмізм» святару з Паставаў прыйшлося выехаць з Беларусі, а ў Магілёве святар адседзеў трое сутак і атрымаў штраф за налепку «Украіна, даруй».

Last modified onЧацвер, 07 Красавік 2022 16:41
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць