BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Таямніцы заступніцы Палесся: стала вядома, што арыгінал Юравіцкага абраза - не ў кракаўскім касцёле

Загадкавая гісторыя Маці Божай Юравіцкай атрымала працяг і праз 200 гадоў

У праваслаўным манастыры ў Юравічах на Гомельшчыне 13 верасня адзначаюць свята Маці Божай Юравіцкай – гэты абраз XVII стагоддзя ўшаноўваецца і католікамі, і праваслаўнымі, ён вядомы цудамі з часоў ВКЛ і лічыўся адной з галоўных святыняў Вялікага Княства. Абраз заступніцы і апякункі беларускага усходняга Палесся мае незвычайную гісторыю, у якой, як цяпер высветлілася, дагэтуль не раскрыты ўсе таямніцы. Афіцыйна лічыцца, што арыгінал абразу знаходзіцца ў асобнай капліцы ў касцёле святой Барбары ў Кракаве. Аднак – як высветліў Katolik.life – гэта не так.

 

У КРАКАЎСКІМ КАСЦЁЛЕ – КОПІЯ, ПРЫЧЫМ НЕ ЛЕПШАЙ ЯКАСЦІ

Вядома, што арыгінал абразу таемна перадалі ў Кракаў на часовае захоўванне. Амаль 200 гадоў таму – калі ў царскай Расіі пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да католікаў, і калі ў Юравічах улады ліквідавалі каталіцкую парафію і кляштар езуітаў, перадаўшы комплекс праваслаўным, арыгінал цудадзейны абразу таемна падмянілі на копію. А пазней Габрыэла Горват, жонка маршалка Рэчыцкага павету, якая захоўвала ў сябе абраз, паехала ў Кракаў і пакінула яго айцам езуітам кракаўскага калегіума, узяўшы з іх пісьмовае абяцанне вярнуць ікону ў Юравічы, калі там адродзіцца каталіцкая парафія. Падрабязная гісторыя абраза і звязаныя з ім цуды апісваюцца на старонцы беларускіх езуітаў.

Дык вось, афіцыйна арыгінал абразу з даўніх часоў і дагэтуль знаходзіцца ў езуіцкім касцёле святой Барбары на Малым Рынку ў Кракаве – гэта невялікі храм побач са знакамітым Марыяцкім касцёлам. Юравіцкі абраз там змешчаны ў асобнай капліцы за зачыненымі металічнымі кратамі – як вялікая каштоўнасць. Да абраза прыязджалі беларускія вернікі, гісторыкі, і падчас аднаго з візітаў здымачная група з Гомеля заўважыла, што сённяшні абраз у Кракаве адрозніваецца ад ранейшых вядомых выяваў. Гісторык Марыя Булавінская і архітэктар Сяргей Ляпін стваралі фільм аб юравіцкім кляштары, вывучалі багата інфармацыі, таму і звярнулі ўвагу, што абраз у кракаўскім касцёле не падобны на арыгінал.

Да высновы, што змешчаны ў кракаўскім касцёле абраз з'яўляецца копіяй – прычым, не самай якаснай – можна прыйсці і самастойна пры параўнанні выяваў арыгіналу абраза і здымку з Кракава. Гэта добра відаць па некаторых дэталях.

Злева - арыгінал абраза Маці Божай Юравіцкай, справа - копія ў касцёле св. Барбары ў Кракаве

 

ПАПРАСІЛІ АБ МАЛІТВЕ ДА ЗАСТУПНІЦЫ ПАЛЕССЯ АБ СПЫНЕННІ ВАЙСКОВАЙ АГРЭСІІ

Тое, што абраз у касцёле святой Барбары можа быць несапраўдным, заўважылі і каталіцкія вернікі з Беларусі, жыхары Гомельшчыны, якія прыехалі ў Кракаў, каб памаліцца ля сваёй старадаўняй святыні, і падзяліліся сваімі меркаваннямі з Katolik.life. Па сваіх крыніцах нам удалося пацвердзіць, што ў кракаўскім касцёле сапраўды выстаўлены не арыгінал, а копія юравіцкага абраза. Згодна з інфармацыяй гэтых аўтарытэтных крыніцаў, сапраўдны абраз знаходзіцца «зусім побач» з касцёлам святой Барбары – відавочна, у кляштары езуітаў, да якога прымыкае касцёл. Крыніцы патлумачылі, што падобная практыка існуе даўно – арыгіналы асабліва каштоўных абразоў у касцёлах часам замяняюць копіямі – у мэтах бяспекі.

Касцёл св. Барбары ў Кракаве

 

Беларускія вернікі пісьмова звярнуліся да кракаўскіх езуітаў з просьбай аб арганізацыі малітвы ля арыгіналу юравіцкага абраза – з улікам выключнай сітуацыі. Маецца на ўвазе тое, што тэрыторыі Мазырскага і Калінкавіцкага раёнаў, усходняе Палессе, апякункай якога з'яўляецца Маці Божая Юравіцкая, выкарыстоўваліся расійскімі войскамі для абстрэлаў Украіны. Таму вернікі хацелі памаліцца ля арыгіналу абраза з просьбай аб новых цудах – спыненні вайсковай агрэсіі, прадухіленні ўдзелу беларускага войска ў вайне і аб супакоі для рэгіёна і ўсёй Беларусі, якая працягвае перажываць цяжкі сацыльна-палітычны крызіс, пра які не раз гаварылі каталіцкія іерархі.

 

ВЕРНІКІ СПАДЗЯЮЦЦА НА САДЗЕЙНІЧАННЕ БЕЛАРУСКАГА ЕПІСКАПАТУ

Але адказу вернікі не атрымалі, а на тэлефанаванні ў кляштар доўга ніхто не здымаў слухаўку. Аднак 8 верасня, у свята Нараджэння Божай Маці (цікава, што такі ж тытул носіць цяперашні юравіцкі праваслаўны манастыр) на тэлефанаванне адказалі. Просьбу перадалі адказнаму за падобныя справы святару, які ў выніку ператэлефанаваў і адказаў адмовай.

Прылеглы да касцёла св. Барбары будынак кляштара езуітаў, дзе, як мяркуецца, захоўваецца арыгінал абраза

 

Прадстаўнік кляштара пацвердзіў, што ў касцёле святой Барбары знаходзіцца копія абраза і прапанаваў памаліцца ля яе. Паводле святара, у многіх польскіх санктуарыях арыгіналы мясцовых цудадзейных абразоў таксама заменены на копіі, і гэта не перашкаджае малітвам вернікаў, арганізацыі пілігрымак. Святар падкрэсліў, што арганізацыя малітвы ля арыгіналу юравіцкага абраза немагчымая, і што ён знаходзіцца пад аховай у асобным месцы ў мэтах бяспекі.

Вернікі спадзяюцца, што з улікам выключнай сітуацыі беларускі каталіцкі епіскапат зможа паспрыяць арганізацыі малітвы, так патрэбнай нашай Бацькаўшчыне, ля сапраўднага цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай.

Last modified onНядзеля, 11 Верасень 2022 16:48

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць