Стала вядома пра стан Чырвонага касцёла знутры і пра яшчэ адзін цікавы факт
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Святарам дазволілі ўвайсці ў будынак, і вось што яны ўбачылі [фота]
Рыма-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску паведаміла пра тое, што 19 снежня адбыўся агляд закрытага Чырвонага касцёла. Разам з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў у святыню змаглі ўвайсці Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адміністратар парафіі ксендз Юрый Санько, пробашч парафіі ксендз Уладзіслаў Завальнюк і яшчэ некалькі святароў. Адзначаецца, што прадстаўнікам Касцёльнага камітэта не дазволілі ўдзельнічаць у аглядзе.
Са спасылкай на тых святароў, якіх упусцілі ў святыню, паведамляецца, што ў галоўнай залі няма слядоў узгарання, ва ўсім касцёле, галерэі і падвалах не адчуваецца паху дыму:
«У касцёле цёпла, гарачыя батарэі – пры гэтым ва ўсіх лістах, якія мы атрымлівалі ад дзяржаўных устаноў, нам паведамлялі, што ацяплення няма. Усюды чыста і цёпла з мноствам жывых вазонаў. Касцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў. На думку відавочцаў, патрэбны рамонт толькі самой сакрыстыі, які можна выканаць у кароткі тэрмін. І парафія гатова зрабіць яго за ўласныя сродкі. На вялікі жаль, «Мінская Спадчына» [дзяржаўны уласнік будынку] патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначана». Парафіянаў запрашаюць «маліцца за ўсіх, хто не дазваляе вернікам праслаўляць Бога ў святыні».
Таксама Касцёльны камітэт паведаміў пра цікавы факт, звязаны з пажарам. Паколькі святыня закрыта, сёлета скаўты не дастаўлялі сюды Бэтлеемскі агонь, але лампада з гэтым сімвалам Божага Нараджэння заставалася ў касцёле з мінулага году:
«Ранкам пасля трагедыі 26 верасня, якая пакінула нас без Божага дома, мы былі перакананы, што агонь згасілі пажарныя – уся ж сакрыстыя была ў вадзе. Але ўявіце наша здзіўленне, калі пасля ўсіх пажарных мерапрыемстваў ксендз-пробашч ўбачыў на камодзе-алтарыку ля абраза Маці Божай знаёмы жывы агеньчык! Ён вынес свечку з ім з касцёла – у прысутнасці супрацоўнікаў следчага камітэта і некалькіх парафіянаў».
Цяпер агонь з Бэтлеему знаходзіцца на алтары ў плябаніі і ў акне будынку, а на працягу святаў Божага Нараджэння ён будзе гарэць ля саркафага Эдварда Вайніловіча.
Related items
-
Ноч у касцёле правяла моладзь Мінска. Што там адбывалася: відэа
-
Па просьбе ўладаў у касцёлах памоляцца «аб прымірэнні і аб’яднанні жыхароў Беларусі»
-
У Нямеччыне вырашылі благаслаўляць аднаполыя саюзы – Ватыкан супраць
-
«Наше оружие – молитва за врагов». Епископы выступили после очередного ракетного обстрела Украины
-
«Ёсць вы – ёсць Касцёл». Што пажадалі жанчынам святары і біскуп