Чым вядомы ксёндз Генрых з Валожына і чаму за яго моляцца ў касцёлах
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Размаўляе па-беларуску не толькі на рабоце, але і дома, пісала пра яго дзяржаўная прэса – паважаны святар, цяпер зняволены, не раз станавіўся героем публікацый і сюжэтаў. Распавядаем пра гэта і тое, што ён зрабіў для краіны, чаго жадаў Бацькаўшчыне і які даваў запавет.
У каталіцкіх парафіях Беларусі падчас нядзельным святых Імшаў 19 лістапада вернікі маліліся за ксяндза Генрыха Акалатовіча, пробашча касцёла Святога Юзафа ў Валожыне. Гэта адбылося пасля таго, як напярэдадні з'явілася неафіцыйная інфармацыя аб тым, што святар арыштаваны ў рамках крымінальнай справы аб «здрадзе дзяржаве».
У прыватнасці, у адной з найбуйнейшых парафій Мінска вернікаў заклікалі да малітвы за ўсіх святароў архідыяцэзіі, а асабліва за ксяндза Генрыха. Прычыну такой просьбы публічна не тлумачылі.
Афіцыйных звестак пра арышт святара пакуль няма. Аднак у блізкім атачэнні ксяндза Генрыха пацвердзілі яго затрыманне, не гаворачы пра абставіны і просячы аб малітве за 63-гадовага святара, які перажывае сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Ксёндз Генрых Акалатовіч – вядомы і паважаны ў Беларусі святар, які яшчэ з савецкіх атэістычных часоў дапамагаў адраджаць Каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Генрых Акалатовіч нарадзіўся ў Баранавіцкім раёне, падпольна вучыўся на святара і ў 1984 годзе скончыў семінарыю ў Рызе.
Як сам распавядаў ксендз Генрых у перадачы «Радыё Марыя», спачатку яго накіравалі служыць у Браслаў, затым адправілі ў Ракаў. У той час у БССР не было яшчэ ніводнага біскупа, не было касцёльнай структуры. Ксяндза Генрыха прасілі аб дапамозе вернікам на ўсходзе рэспублікі. З Ракава ён прыязджаў у Гомель, Бабруйск, Магілёў, Барысаў, Дзяржынск:
«У Гомелі адпраўлялася Імша на могілках ці ў хаце, мне дапамагаў малады чалавек Павал Халяўкін, быў маім міністрантам, а пазней сам стаў святаром. Адпраўлялі святую Імшу, хрысцілі, дапамагаў пісаў у Маскву просьбы пра рэгістрацыі парафій».
З 2005 года ксёндз Генрых служыць у Валожыне. З таго часу паважаны святар не раз станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўнай прэсы, тэлеканалаў.
Адзін з апошніх вялікіх матэрыялаў з яго ўдзелам выйшаў у газеце «Звязда» два гады таму. Прывядзем вытрымкі з публікацыі, якія яскрава сведчаць пра асобу ксяндза Генрыха:
«Энергічны чалавек, побач з якім адчуваеш спакой – такімі словамі можна яго апісаць (...) На пытанне аб тым, наколькі важна, каб у храме гучала нацыянальная мова, айцец Генрых адказаў шчыра: «Дзякуй за пытанне, але яно гучыць для мяне дзіўна». Сам ксёндз размаўляе па-беларуску не толькі на рабоце, але і дома».
«У роднай вёсцы айца Генрыха [Новая Мыш] касцёл быў, але не было ксяндза, таму службы праводзіліся ў Баранавічах. Але ў час яго дзяцінства ў людзей не было сваіх машын, а да Баранавіч – адзінаццаць кіламетраў. Айцец Генрых успамінае, як заўсёды з бацькамі і жыхарамі вёскі садзіліся на апошні аўтобус і ехалі ў Баранавічы. Да святой Імшы, якая традыцыйна праводзіцца апоўначы, заставалася некалькі гадзін, таму чакалі на вакзале. Потым ішлі ў касцёл. Пабыўшы на службе, вярталіся а другой гадзіне ночы на вакзал. Там сядзелі да раніцы і чакалі першы аўтобус».
«Я заўсёды падкрэсліваю: чалавек, спяшайся рабіць добрыя ўчынкі. Бо як мы адыдзем з гэтай зямлі, нас чакае суд Божы. І туды мы не бяром ні свае дыпломы, ні пасады. А бяром свае добрыя ўчынкі. А яшчэ вось над чым варта падумаць. Кожны з нас мае дзве кнігі: Кнігу смерці і Кнігу жыцця. У Кнізе смерці запісваюцца ўсе грахі чалавека: брыдкія словы, праклёны, нянавісць, адным словам, усё дрэннае. У Кнігу жыцця запісваецца ўсё добрае – дапамога, міласэрнасць. Чалавек мусіць жыць так, каб яго Кніга смерці была чыстая, а Кніга жыцця была ўся спісаная. Ніхто не патрабуе рабіць больш за сваю моц, але ў меру магчымасцяў – імкніся да добрых учынкаў, будзь багатым у вачах Божых».
А вось якія пажаданні выказваў ксёндз Генрых перад святам Божага Нараджэння ў 2021 годзе:
«Каб народжаны Сын Божы прынёс у сэрца кожнага чалавека мір, супакой, паразуменне, адзінства. Каб мы са свайго жыцця зямнога выкінулі злосць, нянавісць, гвалт і іншыя страшныя грахі. Каб Божанька кіраваў нашай Бацькаўшчынай і ўсімі людзьмі. Каб усе памяталі загад: «Чалавек, любі блізкага, як сам сябе любіш. Не рабі блізкаму таго, чаго не хочаш, каб зрабілі табе». Хай Маці Божая апякуецца над нашай Беларуссю».
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
І напрыканцы дададзім пажаданне, запавет, які ксёндз Генрых выказваў у эфіры «Радыё Марыя»:
«Каб Божанька апекаваўся, умацаваў у веры, у малітве, бараніў ад грахоў, бедаў (...) Малітва, малітва і яшчэ раз малітва».
Related items
- Пад спеў «Магутны Божа» ў Маскве прайшло развітанне з беларускім святаром
- Царква не асуджае смяротнае пакаранне, заявіў Патрыярх Кірыл, маніпулюючы Бібліяй
- Аб ахвярах рэпрэсій маліліся ў Данецку і гарадах РФ. А ў Мінску?
- Пахаванне пройдзе ў Беларусі: настаяцель кляштара ў Маскве адышоў у вечнасць
- Упершыню ля Чырвонага касцёла ў Мінску няма лампад і малітвы за памерлых