BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на міжнароднай канферэнцыі ў НАН

27 мая ў Інстытуце філасофіі Нацыяльнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Рэлігія і адукацыя ў свецкіх грамадствах: вопыт, праблемы, перспектывы”.

З дакладам на тэму “Роля рэлігіі ў працэсе адукацыі” выступіў на канферэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У канферэнцыі прымаюць удзел навукоўцы, прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, іншых рэлігій. 27 мая праца пройдзе па секцыях: “Светапогляданыя падставы сучасных адукацыйных стратэгій: сінергія свецкіх і рэлігійных пачаткаў”, “Рэлігія ў сістэме адукацыі: сучасны вопыт, праблемы, тэндэнцыі”, “Сям’я і сямейнае выхаванне ў сучасным свеце: рэлігійныя і свецкія каштоўнасці”. У межах секцый прагучаць даклады ўдзельнікаў. 28 мая адбудзецца круглы стол на тэму “Рэлігіязнаўства ў сістэме адукацыі: статус і перспектывы развіцця” і заключнае пленарнае пасяджэнне.

Падчас цырымоніі адкрыцця з уступным словам звярнуўся акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя. Прагучалі прывітальныя словы ўдзельнікам канферэнцыі. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел выступіў з дакладам “Праваслаўная Царква ў сучасным беларускім грамадстве: сэнс адукацыйных ініцыятыў”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас свайго выступлення назваў тэму адносін рэлігіі і адукацыі ў свецкіх грамадствах “вельмі важнай і актуальнай”. “У часы ганенняў на Касцёл цяжка было гаварыць аб сістэматычнай катэхізацыі і евангелізацыі, бо не было дастаткова дзейнічаючых касцёлаў і святароў, не было рэлігійнай літаратуры, а дзецям забаранялася хадзіць у касцёл. Катэхізацыяй у тыя цяжкія часы займаліся бацькі і дзяды, - адзначыў іерарх. - Сёння можна вучыць рэлігіі ў нядзельных школах пры касцёлах. Друкуецца шмат рэлігійнай і катэхетычнай літаратуры, таксама рыхтуюцца свецкія катэхеты, што з’яўляецца вялікай дапамогай у катэхізацыі. Аднак у сувязі з паступаючай лаіцызацыяй і секулярызацыяй праблема рэлігійнай адукацыі застаецца”.

Іншым знакам часу і выклікам, па словах Мітрапаліта, з’яўляецца “праблема, як пагадзіць паміж сабой адукацыю і рэлігію ў свецкім грамадстве”. “Чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны, і таму рэлігійны кампанент павінен прысутнічаць у фармацыі чалавека, бо яго адсутнасць вядзе да духоўнай і маральнай дэградацыі”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх узгадаў, што “ў некаторых краінах існуюць канфесійныя школы, якія арганізуе Касцёл”, “у іншых – у свецкіх школах праводзяцца ўрокі рэлігіі, якія найчасцей маюць рэлігіязнаўчы характар”; існуе і “прынятая ў Беларусі мадэль, калі рэлігійная адукацыя і падрыхтоўка да сакрамэнтаў адбываецца пры касцёлах ва ўзгаданых вышэй так званых нядзельных школах”.

Адным са спосабаў духоўнага ўзбагачэння выхавання моладзі, як адзначыў Мітрапаліт, з’яўляецца ўключэнне рэлігійнага выхавання ў свецкую школу. Выступоўца падкрэсліў, што “Касцёл, усведамляючы свой вельмі важны абавязак старанна клапаціцца пра маральнае і рэлігійнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, з асаблівай любоўю і дапамогай павінен спадарожнічаць тым шматлікім дзецям, якія атрымліваюць адукацыю ў некаталіцкіх школах”. Іерарх звярнуў увагу на падабенства вучэння Праваслаўнай Царквы, працытаваўшы Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, дзе адзначаецца, што “Царква лічыць карысным і неабходным правядзенне урокаў хрысціянскага веравучэння ў свецкіх школах па жаданні дзяцей або іх бацькоў, а таксама ў вышэйшых навучальных установах”.

Кажучы пра ролю рэлігіі і адукацыі ў свецкім грамадстве, Мітрапаліт нагадаў таксама пра “вялікую актыўнасць нетрадыцыйных і нават дэструктыўных рэлігійных рухаў, якія ў першую чаргу імкнуцца ўплываць на моладзь”. “У новых рэлігійных рухах маладых людзей вабіць заклік да самарэалізацыі, збаўлення сваёй душы цяпер і зараз, а не ў будучым жыцці. У сваім арсенале новыя рэлігійныя рухі маюць цэлую сістэму псіхалагічных метадаў, дзякуючы якім вабяць новых членаў праз выкліканне эйфарычнага пачуцця шчасця. Таму ўвядзенне рэлігіі ў сістэму адукацыі спрыяла б адпаведнай падрыхтоўцы маладога пакалення, каб яно магло спакойна і без духоўных траўмаў знаходзіцца ў гушчы розных ідэй і рэлігійных рухаў”, - патлумачыў арцыпастыр.

Па словах іерарха, “для духоўнага рэнесансу сучаснага свету важна звярнуць большую ўвагу на гуманістычнае выхаванне і ролю ў ім рэлігіі, філасофіі, тэалогіі і антрапалогіі, каб падрыхтаваць людзей, здольных задаваць пытанні аб сэнсе існавання і адначасова шукаць на іх адказ”; “такое стаўленне цікавіць моладзь і натхніць шукаць духоўнай фармацыі”.

Поўны тэкст даклада на Catholic.by >>>

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што дадзеная канферэнцыя стане “яшчэ адным даследчым крокам у сферы прысутнасці рэлігійнага кампаненту ў свецкай сістэме адукацыі”.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць