Logo
Print this page

Упершыню ля Чырвонага касцёла ў Мінску няма лампад і малітвы за памерлых

Знікла апошняя праява рэлігійнага жыцця пры закрытым больш за два гады храме.

У актаве малітваў аб памерлых, 1-8 лістапада ля Чырвонага касцёла ў Мінску не з'явіўся стэнд для лампад, якія сюды штогод прыносілі вернікі ў знак малітвы аб сваіх блізкіх, якія адышлі ў вечнасць.

Гэта адбылося ўпершыню. Калі храм працаваў, пры ім з'яўлялася цэлая вогненная рака з лампадак. Але нават пасля закрыцця святыні, у папярэднія два гады, стэнд для лампад, кветкі і спецыяльны дыванок пробашч парафіі выносіў да труны Слугі Божага Эдварда Вайніловіча.

Цяпер там нічога няма, прылеглая тэрыторыя не прыбраная, паўсюль ляжыць апалае лісце.

Такім чынам, знікла апошняя праява рэлігійнага жыцця пры закрытым храме. Нагадаем, раней, пасля прызначэння новага пробашча, была зачынена плябанія, дзе штодня здзяйснілася малітва, выстаўленне Святых Дароў і Імша ў інтэнцыі вяртання касцёла вернікам.

Дарэчы, роўна год таму Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведваў памінальную пляцоўку каля Чырвонага касцёла, маліўся ля ўваходу ў храм і «суцяшаў пастырскім словам вернікаў парафіі, якія прыбіралі восеньскае лісце каля свайго апусцелага касцёла».

Пасля змены пробашча прайшло ўжо тры месяцы, але пакуль гэта ніяк не паўплывала на сітуацыю – па знешніх прыкметах, у храме не робяць анансаваны рамонт, аб якіх-небудзь дамоўленасцях з уладамі нічога не вядома.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onНядзеля, 03 Лістапад 2024 18:53
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.