Два гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: «пячаткі на месцы» ды іншыя факты
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Месяц таму Апостальскі нунцый «закранаў пытанні, якія хвалююць каталіцкую супольнасць у Беларусі». Штосьці змянілася?
Мінула два гады з таго часу, як зачынілі Чырвоны касцёл у Мінску – храм парафіі Святога Сымона і Святой Алены, адну з самых вядомых каталіцкіх святыняў Беларусі. 25 верасня 2022 года тут апошні раз цэлебравалі святую Імшу. У наступную ноч у святыні адбыўся пажар пры дзіўных абставінах і 26 верасня дзверы касцёла апячаталі.
Katolik.life спытаў у парафіянаў, што адбываецца з касцёлам цяпер, і пералічвае ключавыя факты.
Прычынай закрыцця храма ўлады назвалі яго быццам бы аварыйны стан і паведамілі пра неабходнасць у рамонце, праводзіць які мае права толькі дзяржава.
Пасля году маўчання ўлады паведамілі, што працы ў храме павінны пачаць у першым квартале 2024 года, аднак гэтага не адбылося. Затым гэта патлумачылі неабходнасцю дапрацоўкі праекта.
На працягу ўсяго часу касцёльны камітэт звяртаўся і публікаваў адкрытыя лісты да вышэйшых чыноўнікаў – у тым ліку да Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Пяткевіч, але гэта нічога не змяніла.
У ліпені 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звольніў шматгадовага пробашча парафіі ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які ўвесь гэты час малітоўна змагаўся за вяртанне храма. Каталіцкая супольнасць успрыняла гэта як адказ на пастаўленыя ўладамі ўмовы – змяніць пробашча.
Затым парафія канчаткова пакінула комплекс і вызваліла плябанію – дом для святароў побач з касцёлам, дзе, нягледзячы на адсутнасць электрычнасці, ацяплення і вады адпраўлялі святую Імшу і ладзілі набажэнствы ў інтэнцыі вяртання храма.
У жніўні Апостальскі нунцый у Беларусі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і «закрануў пытанні, якія хвалююць каталіцкую супольнасць у Беларусі». Відавочна, што закрыты Чырвоны касцёл – адно з такіх пытанняў.
Аднак усе гэтыя дзеянні пакуль ніяк не змянілі сітуацыю, гавораць у парафіі:
«Ніякай інфармацыі пра зрухі да адкрыцця храма не чутна. Новы пробашч пакуль не абнадзеіў нічым, толькі выказаўся, што сам «спадзяецца на лепшае» і чакае. Касцёльны камітэт у былым складзе не дзейнічае, пра нейкую сустрэчу новага камітэта не чулі. Візуальна ў храме нічога не мяняецца. Нядаўна былі побач – не бачна, каб там збіраліся штосьці рамантаваць. Дзверы закрытыя, пячаткі на месцы».
На сайце парафіі перасталі з'яўляцца «вострыя» паведамленні па тэме вяртання храма – цяпер там публікуюцца толькі кароткія парафіяльныя абвесткі з пералікам літургічных святаў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- «Ён не зломлены». Як успрыняў прысуд святар, асуджаны на 11 гадоў
- Сталі вядомыя імёны чыноўнікаў і мецэнатаў, якія дапамагаюць Каталіцкай царкве ў Беларусі
- «Ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў». Што вядома пра сітуацыю святара, якога судзяць у Шуміліна
- Зноў без католікаў – прэміі «За духоўнае адраджэнне» не прысуджаюць прадстаўнікам Касцёла шосты год запар
- Святару ў Мінску вынеслі суровы прысуд па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве»