BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Беларусі засталося менш за 500 рыма-каталіцкіх парафій

Многія супольнасці РКЦ і БПЦ былі ліквідаваныя ў мінулым годзе, і гэты працэс працягваецца.

Свежая статыстыка па колькасці рэлігійных арганізацый Беларусі яшчэ не апублікаваная, але па прамежкавых дадзеных бачна, што за мінулы год колькасць рыма-каталіцкіх парафій у краіне скарацілася.

Калі паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, апублікаваных на рэсурсе Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Беларусі налічвалася роўна 500 рыма-каталіцкіх парафій, то звесткі за сярэдзіну мінулага года кажуць пра тое, што цяпер іх стала меней.

Такую статыстыку мы знайшлі, напрыклад, на сайце Віцебскага аблвыканкама. Па дадзеных на 1 ліпеня 2024 года, у рэгіёне налічвалася 85 супольнасцяў рыма-католікаў. А на пачатак года іх было 94.

У Мінскай вобласці, паводле інфармацыі, абноўленай у верасні, дзейнічае 97 рыма-каталіцкіх парафій. На пачатак 2024 года іх налічвалася 98.

Паводле звестак Гомельскага аблвыканкама, у рэгіёне 20 супольнасцяў рыма-католікаў, а ў пачатку года была 21 супольнасць.

Па іншых рэгіёнах адкрытых дадзеных для параўнання няма, альбо яны састарэлі.

Як вядома, у 2024 годзе ў Беларусі пачалася перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. Гэта стварыла праблемы для невялікіх парафій. Да прыкладу, пробашч касцёла ў Бабруйску тлумачыў:

«Для рэгістрацыі парафіі патрэбныя 20 "заснавальнікаў" з парафіянаў, якія будуць ухваленыя ўладамі. А гэта не так проста. Напрыклад, пенсіянераў падаваць як заснавальнікаў можа быць вельмі нязручна – калі потым хтосьці з іх пераселіцца ў іншы горад ці ў лепшы свет, трэба будзе зноў збіраць сход, выбіраць новага чалавека на замену і зноў падаваць паперы ў выканкам. Таму лепш знайсці маладых, сярэдняга ўзросту. Шукаем».

Тыя супольнасці, якія зразумелі, што не змогуць выканаць новыя патрабаванні, падалі заявы на ліквідацыю арганізацыі. І гэты працэс яшчэ працягваецца – дакументы для перарэгістрацыі парафіі павінны падаць не пазней за 5 ліпеня 2025 года.

Адзначым, што колькасць зарэгістраваных праваслаўных супольнасцяў у рэгіёнах таксама скарацілася. Прынамсі, на дзве парафіі БПЦ стала менш у Мінскай вобласці (зноў жа паводле звестак за верасень 2024 года), адразу на 20 супольнасцяў — у Віцебскай вобласці (паводле звестак за ліпень). У цэлым у Беларусі налічвалася 1737 парафій БПЦ па дадзеных на пачатак 2024 года.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 17 Студзень 2025 15:38
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць