Што адбываецца ў Нацыянальным санктуарыі на фоне маўчання, даведваліся вернікі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Сустракаць пілігрымаў у наступны раз будзе новы кусташ.
Як мы заўважылі, ужо больш за месяц не абнаўляюцца паблікі каталіцкага Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. Хоць раней новыя пасты і сторыс публікавалі амаль штодня на старонцы ў Instagram, якая мае больш за 5 тыс. падпісчыкаў. Гэта адзін з самых папулярных каталіцкіх паблікаў Беларусі.
Апошні пост на старонцы, ад 1 жніўня, тычыўся раскопак у Будславе. З таго часу – цішыня. На пытанне вернікаў у адрас пабліка адказу не было. Кусташ санктуарыя прачытаў пытанне, але таксама нічога не адказаў.
Аднак вернікі даведаліся верагодную прычыну маўчання – Курыя вырашыла змяніць пробашча ў Будславе, і фактычна гэта ўжо адбылося. Магчыма, афіцыйнага дэкрэта пакуль няма. На сайтах архідыяцэзіі і санктуарыя кусташам па-ранейшаму пазначаны ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Менавіта ў Будславе па прапанове ўладаў хочуць стварыць «духоўны цэнтр». Гэта магло паўплываць на змену пробашча. А яшчэ – неабходнасць рамонту храма пасля пажару.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новым пробашчам у Будславе стане ксёндз Аляксей Раманчук, цяперашні пробашч у Барысаве, дзе ён займаўся будаўніцтвам касцёла.
Тут святара ўжо праводзяць на новую пасаду адначасова з радасцю і сумам – ксёндз карыстаецца вялікім аўтарытэтам у мясцовых вернікаў. Чакаецца, што прыбыць у Будслаў ён павінен у сярэдзіне верасня. 4 верасня яго афіцыйна віншаваў з 50-годдзем Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. А нядаўна ён адзначаў 25-годдзе святарства.
Размовы пра тое, што ў Нацыянальным санктуарыі будзе новы кусташ, сярод вернікаў ходзяць даўно, аднак замена пробашча выглядае нечаканай. Яшчэ нядаўна ксёндз Дзмітрый Дубовік актыўна праводзіў раскопкі ў Будславе, займаўся вывучэннем старадаўняга комплексу, пытаннямі па рамонце і рэстаўрацыі храма пасля пажару.
На апошнім Будслаўскім фэсце святар распавядаў пра праведзеныя і запланаваныя працы прадстаўнікам мясцовых уладаў, у тым ліку старшыні Мінскага аблвыканкама (на галоўным фота), дзяліўся планамі з дзяржаўнай прэсай.
Раней на дзяржТБ ксёндз Дзмітрый Дубовік казаў, што з'яўленне ў Будславе «духоўнага цэнтра» магчыма пасля заканчэння рэстаўрацыі, якая павінна завяршыцца пасля 2030 года. І ўдакладняў, што бачыць стварэнне гэтага цэнтра ў «развіцці таго, што ў нас ужо ёсць», агучваў ідэю аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бернардынаў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Стаў вядомы загадкавы «Асаблівы госць» Юбілею моладзі ў Брэсце
-
Рэдкі выпадак: дэлегацыя дзяржслужачых разам з біскупамі і праваслаўным святаром наведалі касцёл
-
У Будславе і Барысаве прадставілі новых пробашчаў
-
«Спынілася сэрца, знайшлі ля касцёла». Малады ксёндз раптоўна памёр у Гродзенскай вобласці
-
Каталіцкіх святароў няма сярод вызваленых беларускіх вязняў