Памёр біскуп Казімір Велікаселец – найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі. Якім быў яго апошні дзень?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У апошні дзень свайго зямнога жыцця ён спавядаў вернікаў і адправіў святую Імшу. А ў пропаведзях паўтараў, якой смерці жадае сабе і іншым.
8 лютага адыйшоў у вечнасць біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец, які шмат гадоў служыў Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Паводле інфармацыі вернікаў, раніцай у гэты дзень ён яшчэ спавядаў вернікаў і адправіў нядзельную святую Імшу ў Гомелі, дзе жыў апошнія гады пры касцёле.
Затым яму стала блага, іерарха даставілі ў рэанімацыю, але ў хуткім часе ён пайшоў з жыцця.
Біскупу Казіміру было 80 гадоў, свой апошні дзень нараджэння ён адзначаў 5 траўня 2025 году. У свой юбілей ён не ладзіў урачыстасцяў, а быў у Польшчы, дзе збіраў сродкі для будоўлі новага касцёла ў Гомелі.
Ён быў найстарэйшым каталіцкім біскупам Беларусі. Іерарха ведалі як вельмі сціплага, пабожнага, пакорнага, строгага да сябе чалавека. Ён пастаянна трываў у малітве, заклікаў да гэтага і вернікаў, многім дарыў ружанцы для малітвы.
У біскупа не было сваёй кватэры – пасля прызначэння на служэнне ў Гомель ён увесь час жыў у сціплым пакоі ў парафіяльным доме.
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у Пружанскім раёне ў сям'і простых сялян. Ужо ў 1948 г. парафіяльны касцёл тут зачынілі, святара арыштавалі. Але дзякуючы глыбокай веры бацькоў Казімір з дзяцінства быў прывучаны да малітвы. Да першай споведзі і святой камуніі хлопчыка рыхтаваў бацька. І ў 10-гадовым узросце адвёз яго на ровары ў бліжэйшы касцёл у Кобрын – гэта 60 кіламетраў у адзін бок.
Сям'я слухала па радыё святую Імшу на польскай мове. У юнацтве Казімір вывучыў на памяць Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. І, калі яго прызвалі ў войска, чытаў Літанію штодня: калі засцілаў ложак раніцай ці калі клаўся спаць пасля адбою. Кожную нядзелю замест святой Імшы адгаворваў на пальцах Ружанец.
Пасля войска ён адправіўся на будоўлю ў Вільню – працаваў зваршчыкам на будаўніцтве ўнівермага і прыходзіў на святыя Імшы. І ўжо тады – вучыўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. Тры гады ўлады не давалі Казіміру магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю.

Вярнуўшыся ў БССР, у канспірацыі рыхтаваўся да паступлення. Двойчы ездзіў у Маскву з просьбай дазволіць яму паступіць у семінарыю. У выніку дамогся гэтага дазволу і ў 1981 годзе быў прыняты ў Рыжскую семінарыю адразу на трэці курс.
Пасля заканчэння семінарыі святар абслугоўваў пяць парафій – гэта значыць, што ў нядзелю трэба было служыць пяць святых Імшаў у вёсках і мястэчках Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Акрамя пастырскага служэння займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам святыняў.
У цэлым, адкрыў каля дзесяці парафій і пабудаваў тры храмы, чацвёрты цяпер будуецца ў Гомелі. Грошы на будоўлю збіраў сам – будучы ўжо ў пенсійным узросце, за рулём аб'язджаў многія гарады Польшчы, рабіў шлях у 2 тысячы кіламетраў, каб служыць Імшы ў розных гарадах краіны і збіраць ахвяраванні.
Умеў вырашаць пытанні з практычнага пункту погляду. Калі распачынаў будоўлю касцёла ў Брэсце, няпроста было атрымаць дазвол. Даводзілася часта прыязджаць у горад, размаўляць з уладамі, але ён цярпліва рухаўся і ўрэшце атрымаў дазвол, пачаў будоўлю.
Паводле іерарха, у яго служэнні было шмат цяжкасцяў, і ўсе іх ён вырашаў на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прасіў пасярэдніцтва Божай Маці. Біскуп Казімір штодня маліўся ўсе чатыры часткі Ружанца, а таксама Крыжовы шлях.
У сваіх пропаведзях ён нярэдка паўтараў, якой смерці жадае сабе і іншым: «Так пражыць жыццё, каб стаць перад Богам з чыстай душой, шанаваць Бога і зрабіць камусьці нешта добрае».
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
«Не будзем баяцца перамен». Пасол Ватыкана сустрэўся з моладдзю Мінска
-
У Магілёўскай вобласці ліквідавалі палову каталіцкіх парафій
-
Дзяржсакратар ЗША запэўніў кіеўскага біскупа, што кожны дзень моліцца за Украіну
-
Незвычайную гісторыю распавёў святар. А вы ведалі пра такі звычай?
-
Беларускія манахі і манахіні ствараюць медыяпраект. Пра што яны распавядаюць?