Logo
Print this page

У чым сімвалізм, новыя дэталі і пры чым польскі святар да сітуацыі з грэка-католікамі Брэстчыны

Малітва з грэка-католікамі магла стаць падставай для пазбаўлення польскага святара дазволу на служэнне.

Пасля навіны, якая ўзрушыла каталіцкую супольнасць Беларусі, – аб тым, што ў Брэсцкай вобласці ўсе грэка-каталіцкія парафіі аказаліся пазбаўленымі дзяржаўнай рэгістрацыі, ніякіх публічных каментароў і заяваў духавенства, у тым ліку іерархаў, дагэтуль не з'явілася.

Сітуацыя з фактычнай забаронай дзейнасці ўніятаў на Брэстчыне глыбока сімвалічная ў гістарычным кантэксце. Бо менавіта тут нарадзілася Грэка-каталіцкая царква ў Рэчы Паспалітай: у 1596 годзе была прынята Брэсцкая унія, калі Праваслаўная царква прызнала вяршэнства Папы Рымскага і каталіцкія дагматы, захаваўшы візантыйскі абрад і царкоўнаславянскую мову набажэнстваў.

Тым часам сталі вядомыя некаторыя новыя дэталі адносна парафіі ў Івацэвічах, якую ліквідавалі першай. Аказалася, гэта адбылося таксама па рашэнні Брэсцкага абласнога суда – такую інфармацыю мы знайшлі ў дзяржаўным рэестры. Гэта можа азначаць, што супольнасць не падавала заяву аб ліквідацыі і не была згодна з тым, што не прайшла перарэгістрацыю. Праз суд таксама былі ліквідаваныя парафіі ў Баранавічах і Брэсце.

Паводле меркаванняў у каталіцкай супольнасці Беларусі, менавіта грэка-католікі Брэстчыны былі найбольш шматлікімі і актыўнымі, таму пазбаўленне іх рэгістрацыі выклікае яшчэ больш пытанняў.

Таксама мы заўважылі дэталь з жыцця рыма-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах, дзе нядаўна пробашчу, польскаму ксяндзу Адаму Страчынскаму, улады не далі дазвол на працяг служэння і ён вымушана пакінуў Беларусь разам з яшчэ адным польскім святаром.

З пачатку году, пасля ліквідацыі парафіі грэка-католікаў у Івацэвічах, яе святар удзельнічаў у адпраўленні рыма-каталіцкіх Імшаў у мясцовым касцёле. Гэта відаць на фота парафіі. Наступнымі сталі здымкі з развітання з польскім пробашчам, і з таго часу грэка-каталіцкі святар больш не быў заўважаны на здымках з касцёла.

Таму вернікі зрабілі выснову, што верагоднай падставай для пазбаўлення польскага святара дазволу на служэнне магло стаць тое, што ён запрашаў да служэння ў касцёле грэка-каталіцкага святара ліквідаванай парафіі. Хаця нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма і такая практыка, калі грэка-каталіцкія святары ўдзельнічаюць у святых Імшах разам з рыма-католікамі, з'яўляецца распаўсюджанай.

Самі ліквідаваныя супольнасці таксама працягваюць захоўваць маўчанне.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПанядзелак, 13 Красавік 2026 13:37
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.