BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пакінуць Беларусь вымушаныя кусташ санктуарыя ў Браславе і яшчэ двое польскіх святароў

Тэндэнцыя працягваецца: магчыма, такі ж лёс чакае некаторых святароў і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Трое каталіцкіх святароў, грамадзян Польшчы, якія доўгія гады служылі ў Беларусі, вымушаныя пакінуць краіну. Усе яны неслі служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі. Адзін з іх – вядомы святар, ксёндз Станіслаў Мжыглуд, сальватарыянін, які ўжо шмат гадоў з'яўляецца пробашчам парафіі ў Браславе, дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Ён не раз станавіўся героем публікацый дзяржаўнай прэсы, атрымліваў падзяку за ўнёсак у развіццё сацыяльнай інфраструктуры раёна.

Цяпер яму, як замежнаму грамадзяніну, дзяржаўныя ўлады адмовілі ў працягу дазволу на далейшае служэнне. Афіцыйна дыяцэзія пра гэта пакуль не паведамляла, але, як даведаліся вернікі, ужо ў траўні святару давядзецца з'ехаць з Беларусі. Па гэтай жа прычыне разам з ім вымушаныя пакінуць свае парафіі яшчэ двое святароў.

Гэта, у тым ліку, адзін з першых польскіх місіянераў, салетын ксёндз Зянон Шчонхар. Апошнім часам ён быў вікарыем парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах Браслаўскага раёна, а прыехаў у Беларусь яшчэ ў 1990 годзе. Разам з іншымі місіянерамі займаўся адраджэннем рэлігійнага жыцця ў рэгіёне пасля дзесяцігоддзяў атэізму, аднаўляў храмы, працаваў на працягу 35 гадоў у некалькіх парафіях.

Таксама дазволу на служэння не атрымаў францішканін айцец Вальдэмар Куява, вікарый парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле Глыбоцкага раёна.

Наколькі вядома вернікам, на такое рашэнне ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў аказала ўплыў пазіцыя мясцовых уладаў у Віцебскай вобласці.

Такім чынам, тэндэнцыя адмовы польскім святарам у дазволе на служэнне ў Беларусі працягваецца. Гэта адбываецца ва ўмовах вострага недахопу мясцовага каталіцкага духавенства ў Беларусі.

Пра першы такі выпадак сёлета паведамляла Пінская дыяцэзія, якую давялося пакінуць двум польскім святарам. Падобна, што ў тым выпадку вернікі зрабілі памылковую выснову аб тым, што аднаму са святароў не далі дазволу з-за дапамогі ліквідаванай супольнасці грэка-каталікоў. Меркавана, што гэта два незалежныя працэсы.

Крытэрыі, па якіх улады адмаўляюць ва ўзгадненні канкрэтных святароў, застаюцца незразумелымі.

Акрамя таго, у вернікаў ёсць здагадкі аб тым, што яшчэ некалькім польскім святарам у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, магчыма, давядзецца пакінуць Беларусь – таму ёсць пэўныя прыкметы.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць