Logo
Print this page

Год ціхай барацьбы. Як пачуваецца Тадэвуш Кандрусевіч, які ўжо больш за год праходзіць хіміятэрапію

Паміж курсамі лячэння 80-гадовы іерарх актыўна працягвае душпастырскія візіты і не ўпускае магчымасці прапаведаваць згодна з самымі актуальнымі выклікамі часу.

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч паказвае надзвычайны прыклад супрацьстаяння цяжкай хваробе, якую ён перажывае апошнія гады, і таго, як у жыцці чалавека можа дзейнічаць Бог.

Болей за год таму, у сакавіку 2025 году, паведамлялася, што ў шаноўнага іерарха выявілі метастазы ў лёгкіх, якія ўзніклі з-за меланомы, таму ён вымушаны пачаць курс хіміятэрапіі.

З таго часу тэма здароўя самага паважанага каталіцкага іерарха Беларусі не ўздымалася ў публічнай прасторы, сам арцыбіскуп таксама амаль не распавядаў пра свой стан.

Аказалася, увесь гэты час ён вядзе ціхую барацьбу з цяжкай хваробай. Як даведаліся вернікі, 80-гадовы іерарх дагэтуль працягвае хіміятэрапію. А ў перапынку паміж курсамі лячэння не спыняе актыўную душпастырскую дзейнасць.

Толькі ў апошнія дні ён здзейсніў візіты ў розныя куткі Беларусі – Альковічы, Лядск, Лельчыцы.

Болей за тое, стан здароўя Яго Эксцэленцыі, паводле дасведчаных вернікаў, стабільна паляпшаецца. Медычныя абследванні дэманструюць пазітыўную дынаміку: новых метастаз не выяўлена, ракавая пухліна зменшылася. Хіміятэрапію 80-гадовы іерарх працягвае, хаця адпачатку меркавалася, што курс можа доўжыцца да аднаго года, але пераносіць яе добра.

Такі стан рэчаў вернікі лічаць сапраўдным цудам, дзякуюць за гэта Богу і працягваюць малітву за шаноўнага іерарха.

Таксама вернікам вядома, што ў прыватных размовах арцыбіскуп падкрэслівае, што гатовы служыць Касцёлу столькі, колькі Бог дазволіць.

Падчас сваіх душпастырскіх візітаў іерарх, сапраўдны духоўны і маральны аўтарытэт беларускіх католікаў, не ўпускае магчымасці прапаведаваць згодна з самымі актуальнымі выклікамі часу для грамадства.

Напрыклад, 14 траўня ў парафіі ў Чыжоўцы ён засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў апошнія часы ўсё часцей выкарыстоўваецца штучны інтэлект. З аднаго боку, ён вельмі дапамагае, але з іншага – неэтычнае выкарыстанне яго вядзе да новых пагрозаў:

«Мы забываемся, што прычына ўсіх крызісаў крыецца ў маральным крызісе, у якім пагразла чалавецтва. А маральны крызіс распачынаецца з прыняцця спакусаў злога духа».

Ён адзначыў, што чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бог не існуе, замест духоўных каштоўнасцей выбірае свецкія і імкнецца дастасаваць Божы закон да духу свецкасці, змяняючы яго:

«Але Божы закон дадзены нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб ён змяняў нас».

Арцыбіскуп дадаў, звяртаючыся да кандыдатаў на канфірмацыю:

«У гімне да Духа Святога мы спяваем: “Прыйдзі і аднаві воблік зямлі”. Воблік зямлі фарміруем мы, а не прышэльцы з космасу. Наш свет будзе такім, якімі мы з’яўляемся. Таму яго ўдасканаленне неабходна распачынаць ад нас саміх».

Для гэтага неабходна супрацоўнічаць з Духам Святым:

«Наш смартфон будзе працаваць толькі пры наяўнасці сігналу. Гэта азначае, што ён павінен быць падключаны да інтэрнэту. Таксама і дары Духа Святога не будуць дзейнічаць, пакуль мы не дазволім ім гэтага зрабіць. Умоўна кажучы – не падключымся да Яго».

У Лельчыцах ва ўспамін Маці Божай Фацімскай Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сітуацыя сучаснага свету ў пэўным сэнсе нагадвае тую, якая існавала ў часы фацімскіх аб’яўленняў, толькі са значна больш небяспечнымі выклікамі і на самой справе з’яўляецца драматычнай:

«Рэалізуецца прароцтва Папы Бэнэдыкта XVI аб дыктатуры маральнага рэлятывізму, калі нормай паводзін становіцца прынцып “усё адносна і няма абсалютнай праўды”, бо ў кожнага чалавека свая праўда. Гэта значыць, што адмова ад аб’яўленага Богам маральнага закону вядзе да жыцця згодна з меркаваннямі секулярнага свету».

На думку арцыпастыра, сучаснае чалавецтва заражанае вірусам дактрынальнага плюралізму (існуе шмат вучэнняў і кожнае з іх прымальнае), што праяўляецца ў абыякавасці ў маральных справах. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія праблемы: крызіс сям’і, амаральныя паводзіны, незахаванне Божага права, парнаграфія, эгаізм, геданізм, наркаманія, алкагалізм, фальшыва зразуметая свабода без адказнасці.

Ён назваў гэта «хваляй антыхрысціянскай і антыдухоўнай рэвалюцыі».

Акрамя гэтага, арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што вялікай пагрозай з’яўляюцца таксама розныя ўзброеныя канфлікты, якія Папа Францішак называў «Трэцяй сусветнай вайной у фрагментарнай форме». У сукупнасці ўсе гэты канфлікты могуць набыць глабальны характар, папярэдзіў іерарх і акцэнтаваў, што фацімскія аб’яўленні не страцілі сваёй актуальнасці і заклікаюць і сёння да малітвы і навяртання:

«Праз больш чым стагоддзе пасля аб’яўленняў Марыя паказвае нам шлях, якога мы павінны прытрымлівацца ў нашым жыцці. Не ведаючы дарогі, мы не дасягнём мэты нашага падарожжа. Дзякуючы фацімскім аб’яўленням Бог і сёння заклікае нас да мабілізацыі духоўных сіл на барацьбу са злом».

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСубота, 16 Май 2026 10:34
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.