Чаму канцэрты ў касцёле ў Брэсце – з'ява больш небяспечная, чым гэта можа здавацца
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Сведкі Іеговы таксама гавораць пра любоў Бога, ці не так? Канцэрты фарміруюць новы культ. Біскуп супраць, але…
«Чароўныя» канцэрты «Euphoria Night» у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, якія выклікаюць масавае захапленне і збіраюць чэргі, зноў прайшлі з поўным аншлагам 10-12 верасня. Ужо плануецца наступная серыя прадстаўленняў у храме.
Падкрэслім: мы не выступаем супраць музыкаў і не вінавацім іх у злых намерах. Аднак цяпер шоў, якія ператвараюць храм у канцэртную залу, сталі з'явай, што выйшла з-пад кантролю. Яны могуць стаць інструментам, які наносіць шкоду Касцёлу.
Калі раней мы ўказвалі на відавочныя прыкметы парушэнняў інструкцый Каталіцкай царквы аб правядзенні канцэртаў у храмах, то цяпер канцэнтруемся на больш глыбокай тэме — духоўнасці і яе тонкай падмене пад выглядам добрых намераў.
Справа ў тым, што як арганізатары, так і частка духавенства падаюць шоу «Euphoria Night» не проста як культурнае, музычнае мерапрыемства, але і евангелізацыйнае – гэта значыць, духоўнае, накіраванае на навяртанне людзей да Бога. У пацверджанне такой мэты прыводзіцца тое, што на канцэртах гучаць «у тым ліку хрысціянскія кампазіцыі», а галоўны саліст паміж песнямі гаворыць кароткія «пропаведзі».
Адна з іх трапіла на відэа [глядзіце ніжэй]. Напрыклад, ён кажа, што «апора – у нашым Стварыцелі», «трэба даверыцца Яму», і «калі ёсць вера, то ёсць суперсіла».
Відавочных супярэчнасцяў з вучэннем Каталіцкай царквы ў гэтых словах няма і, яшчэ раз падкрэслім: мы не лічым, што саліст, як і іншыя музыкі, маюць якія-небудзь злыя намеры. Але…
Музыкі сталі кумірамі, трапіць на іх канцэрт лічаць выключным шчасцем
Гаварыць пра веру і любоў Бога можна па-рознаму, адпаведна і вынік будзе розны. Мы вывучылі дзясяткі каментароў наведвальнікаў канцэртаў (непрактыкуючых хрысціян) і не знайшлі, каб хтосьці з іх пісаў пра карысць канцэртаў для духоўнасці. На нашы прамыя пытанні ніхто не пацвердзіў, што пасля наведвання канцэртаў прыйшоў у храм на Імшу, далучыўся да парафіі ці хаця б памаліўся Богу.
Большасць гавораць пра эмоцыі, пачуццёвасць і атмасфернасць, напрыклад:
«Эмоцыі невымоўныя. Ты быццам адключаешся ад свету і апускаешся ў асобны сусвет, адбываецца запаволенне свядомасці, атмасфера, якая цябе акружае, ахінае як унутры так і звонку».
Іншыя адзначаюць, што канцэрты «зачароўваюць», маюць «моцную энергію». Многія пішуць, што захапляюцца музыкамі. Трапіць на іх прадстаўленне лічаць выключным шчасцем, паколькі квіткі распрадаюцца імгненна, і паспець купіць уваход на канцэрт – сапраўды цяжка.

Мяркуючы па водгуках, музыканты ўжо сталі кумірамі для многіх, то бок дамагліся мэты – уласнай папулярнасці (камерцыйнага пытання наогул не закранаем). А пацверджання дасягнення евангелізацыйнай мэты пакуль няма.
Замест духоўнасці – новы культ у стылі New Age, які не прыводзіць да Бога
Што тычыцца «пропаведзяў», то, у Каталіцкай царкве прамаўляць іх можа альбо духавенства, альбо свецкія, якія атрымалі адпаведную адукацыю і паўнамоцтвы.
Напрыклад, Сведкі Іеговы таксама шмат гавораць пра веру і любоў Бога – гэта адна з цэнтральных тэм іх вучэння. Таксама яны называюць сябе хрысціянамі, але ў рэальнасці хрысціяне лічаць Сведак Іеговы сектай, якая скажае вучэнне Езуса Хрыста.
Гэта толькі прыклад для нагляднасці. «Духоўны» складнік «Euphoria Night» можна параўнаць, хутчэй, з New Age, для якой характэрная сумесь розных уяўленняў. Гэта і вера ў Стварыцеля, і ўяўленне аб асаблівай духоўнай энергіі.
Для публікі «Euphoria Night» ствараецца нейкі новы культ, які падмяняе духоўнасць, заснаваную на ахвяры і ўваскрасенні Езуса Хрыста, – на агульную «ўзвышанасць», пачуццёвасць, якая ў рэальнасці не мяняе жыццё чалавека і не прыводзіць яго да праўдзівага Бога.
У каментарах ад такой публікі пачынаюць гучаць пакуль асцярожныя патрабаванні аб тым, што храм і далей павінны прадастаўляць для падобных мерапрыемстваў.
Біскуп заяўляў, што канцэртаў больш не будзе
Вернікам стала дакладна вядома, што ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоній Дзям'янка першапачаткова не даваў дазволу на канцэрты, дагэтуль супраць іх і заяўляў пасля серыі жнівеньскіх выступаў «Euphoria Night», што больш у касцёле не будзе такіх канцэртаў. Аднак яны прайшлі ў верасні і плануецца новая серыя выступаў.
Вернікі мяркуюць, што на біскупа быў аказаны ціск з боку мясцовых уладаў, якія падхапілі ідэю з канцэртамі: ім падабаецца іх папулярнасць і тое, што незвычайныя выступы прыцягваюць у горад турыстаў.
Яшчэ адно меркаванне, якое ёсць сярод мясцовых вернікаў, – да лабіравання «Euphoria Night» могуць быць датычныя вядомыя праўладныя бізнесмены, якія называюць сябе мецэнатамі, але на самой справе яны пераследуюць свае мэты, якія шкодзяць Касцёлу.
З духавенства правядзенне канцэртаў «Euphoria Night» у брэсцкім касцёле падтрымлівае вядомы мінскі святар, асабісты відэа-праект якога могуць спансіраваць тыя самыя бізнесмены.
Такім чынам, гэтая з'ява ўжо выйшла з-пад кантролю парафіі і дыяцэзіі. Пацвярджаць гэта можа і маўчанне духавенства, у тым ліку епіскапату. Кіраўніцтва дыяцэзіі безумоўна ведае пра замяшанне і абурэнне як свецкіх вернікаў, так і святароў з-за «Euphoria Night», але ніяк не тлумачыць сітуацыю.
І гэта працягвае весці да падзелу ўнутры Касцёла, які можа быць выгадны злому духу, але не Богу.
Media
Related items
-
Чырвоны касцёл: набліжаецца завяршэнне рэканструкцыі
-
Канцэрты ў касцёле Брэста не адмянілі. Біскупы прамаўчалі, арганізатары патлумачылі сваю пазіцыю
-
Святар з Віцебску напісаў аповесць – яна даступная анлайн і бясплатна
-
У Мінску на каталіцкіх могілках пачалі ўзводзіць яшчэ адзін будынак
-
Пакаянне за Беларусь: топ-5 фота з Крыжовага шляху ў Навагрудку