Logo
Print this page

У Дзень Хрышчэння Русі католікі маліліся аб хрысціянскім адраджэнні

Каталіцкая Царква прасіла ўмацавання веры ў Айчыне, ласку навяртання і дух пакаяння.

Падчас святой Імшы 28 ліпеня - гэтую дату прынята лічыць Днём хрышчэння Русі (цэнтрам Старажытнай Русі быў Кіеў) - католікі Беларусі, Украіны і Расіі асабліва маліліся аб сваёй Айчыне.

«Гасподзь Бог даў нашаму народу ласку хросту; спадзеючыся на хадайніцтва святога Уладзіміра, папросім Айца Нябеснага аб умацаванні веры ў нашай Айчыне, - гаворыцца ў Літургічным сшытку. - Божа, Які на добрым падмурку ўзнёс Царкву святую, пашлі Сваім святарам і прапаведнікам дар лекавання чалавечых душ. Божа, даруй ласку навяртання і дух пакаяння ўсім, хто жорсткім сэрцам і вераадступніцтвам прымушае смуткаваць святую Царкву. Божа, адкрый сваю праўду тым, хто пераследуе Царкву Тваю і ненавідзіць дзяцей Тваіх, і дапамажы ім накіраваць свае ступні на шлях выратавання. Божа, дай сілы ўсім, хто клапоціцца пра хрысціянскую асвету нашага народа і дабраславі ўсіх будаўнікоў храмаў і дабрачынцаў. Божа, які амыў грахі нашых бацькоў у водах святога хрышчэння, даруй нам навяртанне, а краіне нашай - хрысціянскае адраджэнне. Божа, Ты ніколі не пакідаеш тых, хто спадзяецца на Цябе; па хадайніцтве святых Тваіх ацалі нашы раны і пашлі нам мір, радасць і любоў».

 Паводле «Аповесці мінулых гадоў», прыкладна ў 988 годзе кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч прыняў рашэнне хрысціцца па візантыйскім (усходнім) абрадзе ад Канстантынопальскай Царквы (у той час Царква яшчэ была адзінай і не была падзелена на Каталіцкую (Сусветную) і артадаксальную (Праваслаўную)). Хрышчэнне Русі (з цэнтрам у Кіеве) - гэта ўвядзенне ў Старажытнай Русі хрысціянства як дзяржаўнай рэлігіі, ажыццёўленае ў канцы X стагоддзя князем Уладзімірам Святаславічам. Крыніцы даюць супярэчлівыя ўказанні на дакладны час хрышчэння.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.