Святочны абед для бедных і бяздомных зладзілі ў Гомелі [ФОТА]
- Written by qwerty
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (1)
У каталіцкім Доме міласэрнасці прайшло свята для патрабуючых.
6 красавіка ў Велікодны час, які цяпер перажывае Каталіцкая царква, прайшоў святочны абед для бяздомных, бедных людзей і тых, што жывуць у нястачы. Традыцыйна ў каталіцкім Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы такія абеды ладзяць на Раство і Вялікдзень. У гэты раз больш за 100 чалавек сталі гасцямі Дома міласэрнасці - сёстры пускалі на абед толькі цвярозых.
Спачатку адміністратар парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Андрэй Шут прачытаў гасцям урывак з Евангелля і звярнуўся з кароткім казаннем. Святар спыніўся на ўрыўку Евангелля паводле Яна:
«...Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы».
- Дасведчаныя рыбакі ведалі, што нерэальна што-небудзь злавіць, але паверылі Хрысту і па Ягоным слове закінулі сеткі, - адзначыў святар, заклікаўшы кожнага давяраць Ісусу ў сваім жыцці.
Моладзь паказала для гасцей Дома міласэрнасці Велікодны спектакль і танец, а потым разам з сёстрамі дапамагала накрываць сталы. Кожны атрымаў порцыю з гарачай стравай - курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату, гарбату. На выхадзе наведвальнікам раздалі велікодныя падарункі: садавіну і цукеркі.
Дарэчы, некаторыя з тых, хто яшчэ некалькі гадоў таму ў якасці бяздомнага прыходзіў на падобныя абеды, вярнуліся да нармальнага жыцця праз сясцёр Маці Тэрэзы, займелі жыллё, працу, сем'і.
Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 год і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.
Related items
-
Першыя сёлета працэсіі Божага Цела прайшлі ў Магілёве і Пінску
-
Урачыстасць Святой Тройцы католікі і праваслаўныя адзначаюць у адзін дзень
-
У Белгарадзе закрылі каталіцкую парафію, на Данбасе таксама жывуць без сакрамэнтаў
-
У касцёлах Беларусі дабраславілі выпускнікоў. Асабліва кранальна – у Івянцы
-
Ужо канчаткова: святара з Навагрудка не забяруць у войска, ён вяртаецца ў парафію
Каментары
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу