BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У гомельскім касцёле прайшла прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Васькова

У гомельскім касцёле ў рамках урачыстасцяў прастольнага свята прайшла прэзентацыя кнігі Уладзіміра Васькова «Католікі на Абшар Панізоўя і Севершчыны» (Гомельскі дэканат). Манаграфія ўбачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто».

Аўтар кнігі - ураджэнец Гомельскай вобласці, але ўжо каля 30 гадоў жыве ў расійскай Туле. Фактычна гэта першае падобнае выданне аб каталіках Гомельскага дэканата, выдадзенае за апошнія сто гадоў. У 1913 году свет ўбачыла кніга святара Язафата Жыскара «Нашы касцёлы» на польскай мове, а затым амаль стагоддзе аб каталіцтве на гэтых землях кнігі не выходзілі. У 2005 годзе выйшла кніга аб сучасных каталіцкіх парафіях, падрыхтаваная Алесем Белым, ён жа прапанаваў Уладзіміру Васькову напісаць кнігу аб гомельскіх каталіках. Некалькі гадоў таму выйшла кніга гомельскіх гісторыкаў «Касцёл і ўлада на Гомельшчыне», але яна больш дакументальная, прызначаная для студэнтаў, гісторыкаў і будучых навукоўцаў, і ахоплівае меншы гістарычны перыяд, чым манаграфія Уладзіміра Васькова.

- Мне было цяжка вырашыцца на гэтую працу, у мяне не было дакументаў, і магчымасці пастаянна працаваць над кнігай. Я практычна тады нічога не ведаў пра гісторыю каталікоў на гэтых землях. Але пачаў збіраць матэрыял, шмат людзей дапамагалі мне, здымалі копіі ў архівах, і аказалася, што гісторыя каталіцтва на гэтых землях вельмі цікавая, і мала каму вядомая. Існуе меркаванне, што ў Гомельскай вобласці каталікі - госці, але гэта не так. Мы, і нашы продкі жылі тут даўно, і мэта гэтай кнігі - паказаць, што мы тут не госці. Першы гомельскі касцёл з'явіўся ў 1631 годзе, на гэтых землях было 40 касцёлаў і капліцаў, пра што цяпер мала хто ведае, - патлумачыў на прэзентацыі аўтар кнігі.

Гэтая кніга - тысячы гадзін працы Уладзіміра Васькова, і ён спадзяецца, што праца не пройдзе дарма. «Сто, дзвесце гадоў таму тут жылі каталікі, якія прыклалі намаганні, каб вера захавалася, дзякуючы ім мы зараз знаходзімся тут, у касцёле. І мы не задумваемся, што праз 100-200 гадоў праз нас гэтая традыцыя не перарвецца», - лічыць аўтар кнігі.

Кніга выдадзена на беларускай мове. «Таму што на рускай выдаецца мора кніг, я хоць і жыву трыццаць гадоў у Расеі, але роднай мовы не забыўся», - заўважыў Васькоў.

Манаграфію сустрэлі ўхвальна гомельскія гісторыкі. У прыватнасці, Яўген Малікаў выказаў меркаванне, што гэтая кніга ўвойдзе ў пяцёрку лепшых кніг па гісторыі Гомеля. Дарэчы, больш за дваццаць гадоў назад Уладзімір Васькоў паступаў на гістарычны факультэт ГДУ ім.Ф. Скарыны. «Паступіў, мяне прынялі, але потым прапанавалі забраць дакументы - на маё месца залічылі нейкую дзяўчыну па блаце. Ну вось цяпер я вярнуўся ў Гомель з кнігай па гісторыі», - адзначыў аўтар манаграфіі.

Вельмі рады выданню кнігі і пробашч гомельскага касцёла, дэкан Гомельскага дэканата Славамір Ласкоўскі. «Вельмі не хапае інфармацыі для нашых вернікаў, многія не ведаюць гісторыі касцёла, каталіцтва наогул на гэтых землях. Трэба ведаць свае карані - адкуль мы, хто быў да нас», - падкрэсліў святар.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць