BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Па-чалавечы - перспектыў няма». Чым жывуць католікі ў чарнобыльскай зоне

У Хойніках і Нароўлі пасля распаду СССР былі адроджаны парафіі.

32 гады таму адбылася катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі, з-за якой значная частка тэрыторыі Беларусі аказался забруджанай радыёнуклідамі. У адных з самых "брудных" раёнаў чарнобыльскай зоны працягваюць жыць многія каталіцкія вернікі. У Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім, Веткаўскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці на працягу сотняў гадоў існавалі каталіцкія парафіі, але яны былі ліквідаваныя пасля ўстанаўлення савецкай улады. З распадам СССР у Хойніках і Нароўлі супольнасці былі адноўлены.

У Хойніцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была адроджана ў канцы 90-х, цяпер каля 25 актыўных вернікаў. Большасць - пенсіянеры, але ёсць і некалькі маладых людзей. У мінулым годзе ў парафіі была радасная падзея - хрост дзіцяці, праўда, маладая сям'я ўжо з'ехала з райцэнтра і цяпер жыве пад Мінскам.

Свайго святара ў Хойніках няма, і сюды, за 60 кіламетраў, прыязджае кс. Аляксандр Драбышэўскі, пробашч з Рэчыцы. Як ён распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, большасць хойніцкіх парафіянаў - мясцовыя католікі, якія пранеслі веру праз дзесяцігоддзі атэізму, вучыліся ад бабуляў і дзядуляў, а калі касцёл быў адноўлены, прыйшлі ў святыню.

«Сам горад - нежывы, няма працы, моладзь выязджае. Калі глядзець па-чалавечы, перспектываў на будучыню няма, бо многія прадпрыемствы зачыніліся. У людзей няма сродкаў да існавання, таму імкнуцца выехаць кудысьці. Аднак парафія жыве. Пакуль не расце, але, можа быць, некалі прыедуць госці ці вернуцца мясцовыя жыхары, якія адсяліліся па чарнобыльскай праграме. Магчыма, вернуцца да сваіх каранёў, сваёй традыцыі», - спадзяецца кс. Аляксандр.

У Нараўлянскім раёне католікі таксама жылі яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай, але падпалі пад рэпрэсіі пры савецкай уладзе. Сімвалічна, што пасля распаду СССР пад святыню аддалі былы будынак міліцыі, у якім раней размяшчаўся НКУС - камуністычны орган, які пераследваў хрысціянаў. У савецкі час каталіцкай святыні ў ваколіцах не было, але людзі здолелі зберагчы веру.

Нараўлянская парафія Узвышэння Святога Крыжа таксама невялікая, складаецца з некалькіх дзесяткаў чалавек. Радыяцыю тут лічаць не галоўнай праблемай. Самая вялікая бяда - гэта духоўны Чарнобыль, які паразіў грамадства. Свайго святара ў парафіі таксама няма, яе абслугоўвае мазырскі ксёндз, пераадольваючы шлях у 40 кіламетраў. А яшчэ далей даводзіцца ехаць у вёску Грушаўка, дзе таксама праходзяць нядзельныя святыя Імшы.

У былых каталіцкіх вёсках Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёну і Рудня Нісімкавіцкая Чачэрскага раёну, дзе таксама былі каталіцкія парафіі, цяпер засталіся лічаныя вернікі. Але і іх не забываюць святары - некалькі разоў на год у вёскі прыязджаюць ксяндзы з Гомеля, гаворыць пробашч парафіі Нараджэння Божай Маці ў абласным цэнтры кс. Юры Варанко.

«Калі казаць пра асаблівыя дні, у якія сюды прыязджаем, - гэта дні пасля Пасхі. Калі наведваем тут могілкі, то збіраюцца і ўсе былыя жыхары, што калісьці выехалі ў іншыя месцы. Таксама прыязджаем у тыя дні, калі адзначаюцца ўрачыстасці ў гонар Маці Божай, а ў Рудні Нісімкавіцкай гэта таксама дзень святога Міхала Арханёла, бо ён лічыцца заступнікам вёскі», - распавёў кс. Юрый.

На жаль, многія каталіцкія вернікі, якія жывуць у чарнобыльскай зоне, неўзабаве адыдуць у вечнасць, а маладога пакалення, якое прыйшло б на змену, амаль няма. Але людзі моляцца аб тым, каб вера тут не памерла.

Last modified onЧацвер, 26 Красавік 2018 23:06
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць