RUS
†Бог любит тебя таким, какой ты есть! †Христос добровольно пошел на крест за твои грехи †Смерть побеждена! †Самый прямой путь к спасению - не осуждай! †Иисус ищет и ждет тебя! †Христос воскрес! †Дьявол не может сделать ад привлекательным, поэтому он делает привлекательной дорогу туда

Падлеткі – госці з Космасу. Адзіная зразумелая мова – любві

Рэкамендуем выдатныя фільмы пра дзяцей, якія варта паглядзець разам з падлеткамі.

Вось яно. Вось і прыйшоў гэты час, калі твой сын пагардліва табе кіне: «Ты нічога не разумееш! Я сам буду вырашаць, што мне рабіць!». Прыйшоў той час, калі ён ляпне злосна дзвярыма, ці дэманстратыўна насуне на вушы навушнікі з гэтай страшнай незразумелай музыкай. Каб не быць гледачом і слухачом твайго чарговага маралітэ. І правільна зробіць. Як жа яшчэ можна зрабіць у 12-15 гадоў? Дзякуй Богу! Дажылі да пераходнага падлеткавага ўзросту! Сустракайце прышэльцаў з космасу – падлеткаў, часовых гасцей у нашым жыцці.

Гэта ўжо не дзеці, але і не дарослыя. Такое нешта незразумелае. Фіялетавыя валасы, штаны невядомай дагэтуль формы і колеру, страшная музыка, ад якой вянуць вушы, дзіўныя сябры, дзіркі ў носе і вушах! А густы! O tempora! O mores! О Божа мой!

Я з лепшых памкненняў набываю яму дарагія боты вядомай фірмы, прыгожыя, дабротныя, а ён шпурляе іх у кут – гэта не модна! І просіць мяне купіць нейкае кітайскае рыззе кіслотна-зялёнага колеру вычварэнскай формы. О, не, толькі не гэта! «А ў нас усе такія носяць!» - пераканаўчы ў гэты час аргумент.

Я ціхенька ўключаю сваіх любімых спадарожнікаў па жыцці Фрэддзі Меркуры, Моцарта і Шнітке, але яны патанаюць у акіяне віску і грукату Дэсары, Діна Эмсі, Першага класу і Нойз Эмсі.

Я заклікаю глядзець «высокамаральныя» (хіхі) фільмы, а мяне просяць разам паглядзець нейкія страшылкі пра зомбі ў далёкіх галактыках. А мае фільмы называюцца «фушнымі». У гэты час мой лексікон узбагаціўся на мноства новых слоў. Зараз толькі два ўзгадала: «паршак» (заплечнік) і «лясік» (ровар). Але гэтых слоў невядомай мне да гэтага часу мовы – многа, вельмі шмат! Прыходзіцца вучыцца. Штодня. Каб «быць, як дзеці». Каб быць з дзецьмі. У гэтым цяперашнім часе. Цяжкім, але такім цікавым і захапляльным часе сталення, пераходу, пераезду, пералазу, пераскоку з дзяцінства ў даросласць.

Я пытаюся: «Як вучыцца твой сябар?», а ён адказвае, што ў яго сябра ёсць новая «Нокія-Люмінія». Я прапаную пайсці ў музей, а ён кажа, што «Не, там сумна!» А сапраўды там сумна. Я і сама не хачу туды ісці :) Тады навошта прапаноўваць іншым?

Калі я хачу прачытаць чарговую мараль, то ўспамінаю сябе ва ўзросце 13-14 гадоў, і тое, як я ставілася да «Ты павінна! Абавязана! Як табе не сорамна?! Я ў твае гады! Ды я на тваім месцы! Вунь паглядзі – Вася (Сяргей, Пеця, Света, Каця) лепшыя, чым ты!» І калі я гэта ўспамінаю, то ахвота чытаць лекцыі пра тое, хто што і каму павінен, знікае. І калі на просьбу патлумачыць адмову ў нечым хочацца злосна паставіць кропку: «Таму! Таму што Я так сказала! Таму што Я так хачу!», таксама варта ўспомніць, якой была мая рэакцыя, калі мне так казалі ў падлеткавым узросце.

Гэта ўзрост пратэсту. Супраць несправядлівасці, супраць дыктатуры дарослых, супраць законаў і правілаў, часам недарэчных і непрацуючых у сучасных умовах. Гэта пратэст супраць самога сябе, такога прамежкавага ў часе паміж дзяцінствам і сталеннем. Гэта ўзрост пошуку. Таго ж – толькі з дадатным знакам. Справядлівасці, свайго месца ў свеце, пошуку «лаяльных» правілаў і законаў, якія працуюць і даюць вынік, пошук самога сябе ў гэтым часовым прамежку.

Гэта неверагодны і цудоўны ўзрост барацьбы, адкрыццяў, знаходак і страт, радасці і смутку. Калі шчасце – то поўнае, абсалютнае, максімальнае! І такое ж – гора, невычарпальнае, вялікае, як акіян, у якім можна патануць. Гора? Ды глупства гэта! - грэбліва можам кінуць мы, дарослыя. Для нас – глупства. Для ІХ – не. Як важна гэта зразумець для таго, каб табе дазволілі быць побач – у радасці і горы. Каб цябе пусцілі ў гэты касмічны свет – быць спадарожнікам на шляху да зор. Тады яны дазволяць быць нам з імі побач, калі ўбачаць, што мы сур'ёзна да іх ставімся, што мы цэнім іх, паважаем, што мы бачым, што яны – не дзеці, а растуць, кожны дзень, як умеюць, як могуць.

А дапамагаем ім, не ідучы, як выхавацель наперадзе калоны дашкольнікаў з чырвоным сцяжком, а недзе там, ззаду, на выпадак, калі прыйдзецца падстрахаваць, і на выпадак, калі вас папросяць аб гэтым. Але яны ж дурныя дзеці! Яны столькі памылак наробяць! Іх варта засцерагчы ад крызісаў і расчаравання!

Гэта іх жыццё, гэта іх памылкі, гэта іх досвед, крызісы і расчараванні, без якіх немагчыма жыццё. Не, канечне, магчыма. Але якім яно будзе ў цяпліцы ці аранжарэі? Так, мы любуемся прыгожымі кветкамі, паслухмянымі дзецьмі. Але што плёну з той паслухмянасці, калі гэта штучна? Што плёну, калі тая паслухмянасць – прадукт муштры, загадаў, пагрозаў, пакаранняў, а не добрая воля? Што плёну мець «безумоўны і бязмежны» аўтарытэт, калі дзеля гэтага ты ўзяў у палон і зрабіў рабамі дзяцей?

Калі наш начальнік па працы мае абсалютна дурны густ і слухае Кіркорава ці Сярдзючку, то ў глыбіні душы мы можам хіхікаць, але вонкава – будзем, напэўна, «з павагай ставіцца да меркавання другога чалавека», і дарыць на святы новыя дыскі тых поп-зорак. Але калі наш сын ці дачка будзе слухаць Дэсару, то, напэўна, верагодна,мы будзем вішчаць і з пагардай казаць, што «ты асталоп, гэта музыка – дрэнь!» Дзіўна. Паважаць нейкіх начальнікаў, і не паважаць уласных дзяцей, якіх самі ж спарадзілі.

Праўда, што мае Моцарт і Шнітке ціхенька плачуць, заціснуўшы вушы, недзе ў сваім пакоі майго сэрца, калі мае вушы раздзірае дзікі рэп. Мой эстэтычны густ забіваецца ў вугал і бяссільна заломвае рукі, калі бачыць страшныя зялёныя «барцоўкі» ці яшчэ невядома што. Але я памятаю – перада мной іншы чалавек, а не мой дадатак, мая ўласнасць, мая зменшаная копія. Асоба, вартая павагі і разумення. Натуральна, іх трэба вучыць, выхоўваць і ўсё такое. Але як? Чаму – вядома. Але як – гэта заўсёды выклік. Тое, што працавала ўчора – сёння ўжо здадзена ў архіў. Кожны дзень трэба нешта нястомна шукаць. Цяжка, канечне. Але наўрад ці было лёгка нашым бацькам з намі. Як казаў Маленькі Прынц: «Зоркае толькі адно сэрца». І толькі Любоў можа быць Палярнай зоркай, якая ніколі не падмане і прывядзе туды, куды трэба.

Нядаўна я была сведкам, як дарослыя вучылі дзяцей удзячнасці. У той момант мне было сорамна, што я належу да гэтага свету дарослых. Адна кабета, падціснуўшы вусны, злосна выгаворвала прыціхлым дзецям, што «Вы павінны нам быць удзячнымі! Мы тут усё робім дзеля вас! Кожны, кожны з вас павінен падысці да нас і сказаць «дзякуй!» нам!» Ну, і так далей па тэксту.

Уяўляю Езуса, які бегаў за людзьмі, якіх аздаравіў, з істэрычнымі крыкамі і пенай на вуснах: «Эй, вы! Няўдзячныя! Вы павінны мне кланяцца ў ногі! Сволачы вы няўдзячныя, як вам не сорамна!»

Мы патрабуем ад дзяцей удзячнасці, а самі наўрад ці сказалі ім калі «дзякуй!» проста за тое, што яны існуюць, што мы маем магчымасць праз іх рабіць добрыя справы, што мы маем магчымасць сутыкнуцца з гэтым чароўным светам дзяцінства, што яны – добрыя, даверлівыя, наіўныя, прыгожыя, разумныя, мілыя, светлыя, няўрымслівыя, жвавыя, вясёлыя, энергічныя. Што жыццё ў іх віруе і выплёхваецца праз край, у адрозненне ад многіх нас, якія ходзяць з панылымі тварамі, усю дарогу нечым незадаволеныя.

Мы можам ім быць удзячныя – за час, праведзеную побач з імі – як дар. Мы можам першымі прасіць у іх прабачэння! А не прымушаць іх гэта рабіць. А дзе яны гэтаму навучацца, калі вакол толькі – бязгрэшныя фарысеі-дарослыя, якія ніколі не памыляюцца, маюць «непахісны» аўтарытэт, якія, нават нарабіўшы бяды, ніколі не папросяць прабачэння? Дзе яны навучацца ўдзячнасці, калі ім ніхто не ўдзячны?

Неяк мы размаўлялі з дзецьмі пра чытанне з Евангелля «Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне... Ім належыць Валадарства Нябеснае». Я, як магла, патлумачыла, чаму так. Таму што дзеці – заўсёды лепшыя за дарослых, яны бяскрыўдныя, безабаронныя, наіўныя, даверлівыя, не лгуць нахабна, не крывадушнічаюць, і так далей. «А дарослыя?», - спытаўся адзін хлопчык. «А дарослыя часам крывадушныя, лжывыя, хітрыя, сапсаваныя». Малы памаўчаў, а потым спытаўся: «Ну, а вось вы – вы ж дарослая... Вы таксама такая, як апісвалі?»

О-па.. Прыехалі... Канечне, карцела сказаць: «Не, не ўсе дарослыя такія! Вось я – не, я харошая, мілая, добрая!» Але я набралася мужнасці і сказала проста: «Так. І я такая». Ніхто з дзяцей не працягваў гэтую тэму, не смяяўся, не здзекаваўся, ні «сцябаўся». У іх былі сур'ёзныя і засяроджаныя выразы твару. Ну, блін. Можа, я страціла свой «непахісны» аўтарытэт? Чорт яго бяры. Лепш гаварыць праўду. Навошта мне аўтарытэт, пабудаваны на брахні і падмане?

Можа, так ужо «лаяльна» ставячыся да дзяцей, можна іх разбэсціць? Не. Не. Не. Бо «Ніколі не атрымаецца ў меру любіць». І любові не можа быць шмат. Канечне, павінен быць нейкі падмурак, нешта грунтоўнае і пастаяннае, трывалае і сталае. Той, хто стварыў нас. Той, на кім усе трымаецца. Альфа і Амега. І тое, што Ён нам падарыў – душу, жыццё, здароўе. Калі тое, што дзеці робяць, не шкодзіць іх душы, жыццю і здароўю, то ці варта так ужо крычаць на кожным кроку «Нельга! Нельга!» і рабіць з жыцця міннае поле, вешаць па яго перыметру чырвоныя сцяжкі?

Выдатныя фільмы пра дзяцей, якія варта паглядзець з дзецьмі: «Жутко громко и запредельно близко», «Крупная рыба», «Снеговики», «Ледяной дракон», «Чучело».

Последнее изменениеСуббота, 17 августа 2013 23:19
Комментарии   
+1 #1 Ольга 23.08.2013 21:34
Как здорово написано! Так просто, от души и так правильно. Спасибо!
Цитировать | Сообщить модератору
Добавить комментарий

Защитный код
Обновить