Нашел свой старый студенческий стишок, который написал под впечатлением о лекциях по западной литературе 20 века. Интересно, что в костел тогда еще не ходил и о Боге ничего не знал, но религиозная тема уже проскакивает ))
КРУГАЗВАРОТ ДУШЫ Ў ПРЫРОДЗЕ
(Постмадэрн аб мадэрне - кантрольная работа па літаратурнай крытыцы)
Гэта раман не майго героя.
Я нямы, таму гэтыя словы не мае.
(О Аўтар, на каго ж ты нас пакінуў?)
Я бадзяюся па пекле, а тут усе:
рабы бога, які памёр,
прывіды чалавека, які жыў.
Гліняныя,
яны затыкаюць сабою дзіры
недабудаванай вежы.
Святыя, яны б'юць у званы,
заглушаючы шэпт сваіх малітваў.
Іх талерка ўжо пустая, і яны не ведаюць,
чым заняць вечнасць.
(Чорны футурызм)
Я не любіў нікога,
акрамя кацяняці з сядой поўсцю.
Яно было адзіным, хто размаўляў са мной,
як з жывой істотай.
Я стаў такім старым,
што люстэркі перасталі бачыць мяне -
яны маглі перадражніваць
толькі мой вечна малады цень.
Я насіў стары плашч, чытаў старыя газеты,
ішоў па старым следзе.
Але аднойчы,
праходзячы ля свайго старога дома,
я не пазнаў ягоныя дзверы.
Я так даўно памёр,
што хутка павінен быў нарадзіцца ізноў.
(Усё ж, я існую!)
Лепшае, што ёсць на Зямлі - гэта Неба.
Цела Богава - неба.
Вочы колеру чыстага неба.
Вочы колеру дажджлівага неба.
Вочы колеру начнога неба.
Мае вочы колеру зямлі -
Яны больш за ўсё любяць неба.
(Якая імпрэсія ))
У ноч, калі я нарадзіўся,
Месяц быў поўны. Маўчання.
І мой Крык пачула кожная маці.
Вясна была яшчэ падобнай на восень -
я спяваў яе птушкам,
пускаў яе ручаі,
грэў яе сонца.
Толькі вечны - сон, а не каханне.
Мой перадсмяротны Крык
ніхто не заўважыў,
я растварыўся ў сне,
уплыў уніз па дажджу.
Я бадзяюся тут, па пекле, і не бачу
яго хараства.
Месяц такі яркі,
што мае вочы заўжды зажмураны -
іх раздзіраюць месяцовыя зайчыкі.
Прыручыў мяне месяц - я ізноў дзікі,
і ў галаве маёй вецер стаў дзікім.
Месяц у адказе за тых, каго прыручыў,
таму і пракладае мне сцежку.
Месяц, які гуляе сам па сабе, -
пуцяводная зорка мая эфемерная.
Цвёрдымі крокамі
я ступаю на месяцовую дарожку.
бягу, каб паспець прачнуцца
ў прызначаны час.
Гэта не сюз. Проста шыз.
ЗДАВАЛЬНЯЮЧА.
(крытычны рэалізм -
вось гэта па-мадэрноваму!)
Люби - и делай что хочешь!