BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Хвароба: кара Божая ці падарунак?

Я, калі захварэла сур'ёзна, прайшла ўсе неабходныя этапы «прыняцця хваробы», пачынаючы, натуральна, з жорсткага адмаўлення...

О за што, за што мне такое пакаранне? Учора я была здаровай і вясёлай, сёння ж цела маё паўстала супраць мяне, прыносіць толькі боль штодзённы і пакуты! За што? Чаму? Чаму я? Гэта самыя заганныя пытанні, як я лічу. Так хочацца ведаць, дакладна: як, чаму? Цікава ж, праўда!

У кнізе «Аб перайманні Хрыста» Фама Кемпійскі неаднаразова піша і папярэджвае нас пра вось гэтае жаданне «хачу ўсё ведаць!», пра гэтую «дапытлівасць», пра вось гэта нашае «Як, чаму?». Як быццам гэта не мы абавязаны Богу за ўсё, што маем, а Бог у нас нешта пазычыў і не аддае.

«Некаторыя людзі не шчыра перада Мной ходзяць, але ў духу нейкай дапытлівасці і свавольства, хочуць Мае таямніцы ведаць і зразумець вышыні Божыя, забыўшыся аб сабе і сваім выратаванні. Яны часта падаюць у вялікія спакусы і грахі за сваю саманадзейнасць, пыху і дапытлівасць, калі Я адхіляюся ад іх.... Беражыся, сын Мой, дапытліва разважаць аб тым, што вышэй тваіх ведаў, але больш намагайся, каб з'явіцца табе хоць самым меншым у Царстве Божым... Не мудруй аб справах Божых, а даследуй свае беззаконні».

Вось што піша любімы вучань Езуса, Святы Ян Евангеліст. «Праходзячы, бачылі чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго: Настаўнік! Хто зграшыў – ён, ці бацькі яго, што нарадзіўся ён сляпым? Езус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі яго, але гэта для таго, каб на ім з'явіліся справы Божыя».

Уявіце: вучні ведаюць, што сляпы той – ад нараджэння не бачыць, а пытаюцца: ці зграшыў ён? Хіба ва ўлонні маці грашаць дзеці? Але раней нават так лічылі некаторыя. Але вернемся да нашых бараноў, ну хоць да аднаго. Я, калі захварэла сур'ёзна, то прайшла ўсе неабходныя этапы «прыняцця хваробы», пачынаючы, натуральна, з жорсткага адмаўлення. «Чаму?! За што? Чаму я?!» Чаму Я? - А чаму МЫ? А чаму УСЕ? - пісаў мой любімы пісьменнік Курт Ваннегут ў адным з эпізодаў рамана, калі Білі Пілігрыма схапілі іншапланецяне. Ён так пытаў: «Але чаму менавіта я?!»

Бог пакараў мяне? - Не. Ці заслугоўваю я пакаранне? - Так. Што б я не казала, як бы не лямантавала крывадушна: «Ну чаму я?», але на дадзенае пытанне я ведаю ўскосна (прыкладна) адказ, і яго ведае Творца. Каму ведаць, калі не Яму, які мяне і стварыў?

«Бо Ты ўладзіў вантробы мае, і выткаў мяне ў чэраве маці маёй, Слаўлю Цябе, бо дзівосна я створаны. Дзівосныя справы Твае, і душа мая ўсведамляе гэта. Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі я ствараемы быў у таямніцы... У Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, для мяне прызначаныя, калі ніводнага з іх яшчэ не было Як узнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як шмат іх! Ці буду вылічаць іх, але яны большыя лікам пяску, калі прачынаюся, я ўсё яшчэ з Табою» (Псалом 138)

Каму мне верыць? Нечым разважанням пра «кару Божую» ці Святому Пісанню, і усім святым Божым, якія пішуць пра тое, што не кара гэта, не кара! Дай, Божа, веры – верыць у гэта і ніколі не сумнявацца ў тваёй любві. Ці памру я? Канечне! Усе паміраюць, гэта закон Жыцця.

Калі я памру? Адкуль мне ведаць, хто мне скажа? Святое Пісанне гаворыць, што «ніхто не ведае ні дзень, ні гадзіну».

Што яшчэ я хачу сказаць... летам я першы раз была ў пешай пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай. У мяне была просьба, лёгкая такая: «Змяні маё сэрца!» Бог пачуў мяне. Можа, праўда, Ён трохі прамахнуўся, і выпадкова змяніў не сэрца, а іншы суседні орган, які зараз захварэў? Але ж змяніўся! А можа, Бог паслаў нейкага Анёла-недарэку, пачаткоўца, які не вельмі валодае чалавечай анатоміяй, і той выпадкова мне змяніў не сэрца, а суседні орган? :)

Ці можа, гэта такая аперацыя, паступовая. Спачатку змяняецца адзін орган. А за ім і іншыя падцягнуцца, у тым ліку і хворае сэрца! :)

Аперацыі на сэрца заўсёды складаныя. Тады, летам, я наіўна думала, што гэта (змена сэрца) будзе як цуд! Заснуў, прачнуўся раніцай – і ўжо новае сэрца тахкае, у гармоніі з сусветам, любіць Бога і ўсіх людзей :)

А вось як яно ўсё атрымалася! Бог ніколі не дзейнічае так, як я магу сабе ўявіць ці нафантазіраваць, куды толькі мяне можа завесці маё ўяўленне і фантазіі. «Мае шляхі – не вашы шляхі».

Ён прыходзіць не так, як мы можам думаць ці ўяўляць. Памятаем, як Нехта напаў на Якава, калі той застаўся адзін. «І застаўся Якаў адзін. І змагаўся Нехта з ім, пакуль настала зара, і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся сцягна ягонага і пашкодзіў сцягно ў Якава, калі ён змагаўся з Ім. І сказаў: пусці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не благаславіш мяне» (Быццё)

І «Быў такі чалавек, імя ягонае Ёў, і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла» (Кніга Ёва).

Ёў пацярпеў канкрэтна! І гэта беззаганны і богабаязны чалавек! Дык нам чаго плакаць і наракаць, мне, напрыклад, калі «грахі мае памножыліся»? Усё правільна, і ўсё справядліва! Сёння я магу сказаць, як вучыў нас ксёндз-кардынал, які скончыў зямную пілігрымку і пайшоў да Айца, Казімір Свёнтак: «За ўсё дзякую Богу!» І за хваробу, - у першую чаргу.

Канечне, заўтра я магу сказаць, што гэта ўсё лухта і няпраўда. Заўтра маё сэрца, пакуль не змененае, і не вылечанае (а можа, і ніколі не зменіцца, ніхто не ведае) можа пайсці на чарговы бунт, і сцвярджаць свае ісціны, сваю праўду! Але заўтра можа і не быць, ці мяне можа не быць заўтра (бо ніхто не ведае гадзіну). Але сёння, пакуль магу, пакуль не адхіліў Ён ад мяне Сваю руку ці погляд Яго, я магу гэта гаварыць.

Як кажуць гештальт-тэрапеўты: «Мінулага – няма, заўтра не наступіла, ёсць толькі тут і цяпер». Буду жыць і не баяцца ні жыцця ні смерці. Калі Бог дасць, канечне, такую ласку мне. Бо сама я баюся і жыцця, і смерці.

Стваральнік Opus Dei Святы Хосэмарыя Эскрыва піша: «Таму, калі па волі Бога, цябе напаткае нечаканае няшчасце, прымі яго як прызнанне Ўсявышнім тваёй духоўнай сталасці. Ён прызнае, што ты ўжо здольны ўбачыць у пакутах заклік яшчэ мацней прыпасці да Яго выратавальнага Крыжа».

Бог прызнаў, што я ўжо пасталела! Усяго-то! Чаго хвалявацца? Хоць я і пасталела, але Ён застаўся маім бацькам. Хоць мы і жывём часам і часта ў розных кватэрах, і розных гарадах, але бацькі нашы – гэта на ўсё жыццё.

Неяк я чытала, што калі Бог бачыць, што чалавек унутры і далёка-далёка адышоў ад Яго, Ён дасць яму так жаданыя для таго чалавека рэчы: багацце, ці кар'еру, ці дабрабыт, задаволенасць ў сямейным жыцці, ці яшчэ што. Але Бога той чалавек не ўбачыць. Я тады так жахнулася! Таму што жыла тады я вельмі добра, усё мела, што хацела, ніякіх праблем, бясхмарнае бесклапотнае жыццё!

Я жахнулася: калі я ўсё маю, усім задаволеная, то ці не гаворыць гэта пра мой унутраны адыход ад Бога?! Зараз жа, калі я мала што маю, адны праблемы, я больш маю спадзяванняў, што Бог побач, і не пакінуў мяне. Хвароба мне дала больш, чым многія даброты і бесклапотнае жыццё.

І яшчэ. Оскар Уайльд казаў, што «У кожнага святога ёсць мінулае, у кожнага ж грэшніка ёсць будучыня». Цудоўныя словы!

Last modified onПанядзелак, 18 Лістапад 2013 23:27
Каментары   
+2 #7 Алена 2013-11-28 18:37
Цытую максим:
Крепись, Алена! Продолжаем молиться за твое исцеление...



Дзякуй! Толькі малітвы мне зараз і трэба! Дзякуй!
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+3 #6 максим 2013-11-28 18:16
Крепись, Алена! Продолжаем молиться за твое исцеление...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+2 #5 гость 2013-11-21 19:54
Когда читаешь многие истрии обращений кажется ,что сердца людей меняются в одно мгновение. Может так и бывает, но как верно сказано в статье, это долгий процесс.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+1 #4 Яугенка 2013-11-20 23:24
Можа таму,што жыццё бiтва?I як у кожнай бiтве у iм ёсць ахвяры?
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+2 #3 Алекс 2013-11-19 20:10
Мне лично трудно это принять, даже представить боюсь,что бы было, если б заболел серьезно. Почему я? Да, так и бы и думал. Мне как-то кажется, что я не могу заболеть раком или умереть вдруг,это просто невозможно. Наверное потому Бог и не дает мне таких испытаний, яточно еще незрелый.
Но замечаю,что происходят в жизни какие- то проблемы не спроста,что-то во мне меняется, может Бог уже работает со мной? но боюсь думать про что-то серьезное, испытания, болезни.
Спасибо вообще автору, надеюсь, что буду немного подготовлен теперь, хотя все равно страшно.Неужели без этого, без проблем нельзя? :-? ))))) Наверно это и есть крест, который у каждого должен быть...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+3 #2 Алена 2013-11-19 14:22
Таму што пытанне "Чаму" - заганнае, і таму на яго няма адказу ))
Бог ніколі не памыляецца.
Кожнаму сваё.
Трэба задаваць пытанне не "чаму", а "для чаго" Езус на крыжы казаў: "Для чаго Ты пакінуў мяне", а не "Чаму ты пакінуў мяне".
А наогул я магу пісаць лухту, суб'ектыўныя разважанні, ісцінай валодае толькі Пан Бог, я ж валодаю сваей фантазіяй, уяўленнямі, вопытам.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+1 #1 Ptushka 2013-11-19 11:38
За шчырасць і гумар :lol: дзякуй ;-) :D

Але турбуюць усё ж тыя заганныя пытанні "чаму"... Чаму шматлікія маюць пакуты і не вытрымліваюць іх? Зрываюцца, робяцца больш жорсткімі, здзяйсняюць самазагубствы? Няўжо Бог таксама трохі "памыліўся" і даў хваробу яшчэ не сталаму чалавеку??
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць