BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пілігрымка: зазірнуць у Валадарства Нябеснае

Два невялікіх водгукі аб пешым паломніцтве ў Будслаў.

У паходзе за Богам, Яўген Каржанеўскі

Па дарозе ў Будслаў (ФОТА, ВІДЭА пілігрымкі) я маліўся: "Божа, зрабі мяне лепшым." Так я маліўся кожны дзень, але Бог не спяшаўся выканаць маю просьбу. Тады я яшчэ не ведаў што Ён збярог "маленькі цуд" напрыканцы.

Ішлі чатыры дні. Неба было зацягнута хмарамі, не было горача, час ад часу капаў дожджык. Шмат спявалі песень, шмат маліліся. Калі былі прыпынкі, мяне ўвесь час нехта кусаў за рукі. Спачатку гізы, потым чмялі. У адзін дзень я памаліўся Богу, каб мяне ніхто не ўкусіў на прывале, і так здарылася: гэта быў адзіны прывал, на якім мяне сапраўды ніхто не ўкусіў.

Быў яшчэ дзень, калі я пайшоў у лес збіраць грыбы. Было шмат сыраежак, парасонаў, вешанак, «польскіх», лісічак. І раптам, я ўбачыў дрэва, на якім сядзеў вялізны белы светлы матылёк (можа, гэта быў анёл?). Зайшоўшы за гэта дрэва, я ўбачыў паляну з кветкамі. Гэта былі незвычайныя кветкі: у іх не было лісця, і яны былі празрыстымі. Такога я яшчэ ніколі не бачыў. Я ўспомніў легенду пра св. Францыска і св. Клару, у якой ружы з'яўляліся прама на снезе. Можа, Бог так паказаў, што я хутка сустрэнуся з Ім, як святы Францішак з Кларай?

Начавалі заўсёды ў дамах у мясцовых людзей. Людзі, з якімі я начаваў, былі вельмі добрымі. Кожны дзень мы маліліся разам на ружанцы.

Па прыходзе ў Будслаў я адчуў, што Бог выконвае маю інтэнцыю. Я не буду казаць у гэтым артыкуле, як Ён гэта зрабіў, Але Ён гэта зрабіў. Дзень я хадзіў па Будславе, слухаў пропаведзі святароў, разважанні падчас чытання ружанца. Кожная пропаведзь улятала ў душу як цвік. У рэшце рэшт, ногі самі прывялі мяне да спавядальні.

Цяжка перадаць словамі тое, што я перажыў у гэтай пілігрымцы. Але тое, што я перажыў, было доказам таго, што Бог мяняе людзей праз простыя рэчы. Я думаў, што змяніць мяне зможа толькі вялікі цуд. Але я ўбачыў тыя самыя «маленькія» простыя цуды, якія ўвайшлі да мяне ў душу. Сапраўды вялікі Гасподзь!

 

Пілігрымка - як ідэальны Касцёл, Павал Міцкевіч

Доўга я не вырашаўся адправіцца ў дарогу. З усіх бакоў нешта стрымлівала: праца, грошы, здароўе, сваякі, лянота... Відаць, злы дух не хацеў адпускаць мяне ў гэтую пешую пілігрымку ў Будслаў, ведаючы, як добра мне будзе там. Але Бог усемагутны - Ён вывеў мяне з рабства хатняй утульнасці і стабільнасці.

Гэта была другая пілігрымка ў маім жыцці, і яна зноў стала самай яркай падзеяй у годзе. Але ў гэты раз нават ярчэй, значна ярчэй. Ня ведаю дакладна, чаму - ці то з-за таго што шлях быў цяжэйшым, ці то інтэнцыя больш сур'ёзная, ці то...

Няма сэнсу апісваць наш шлях і тое, што са мной адбывалася ў гэтыя дні - гэта магчыма толькі перажыць. Але магу сведчыць: з намі адбываліся сапраўдныя цуды. Разумна разлічваючы на тое, што сіл і здароўя хопіць толькі на адзін дзень шляху, дайшоў да самага Будслава. І гэты вялікі цуд складаўся з многіх маленькіх цудаў у дарозе.

Адпраўляўся я ў пілігрымку ў сваім чарговым крызісе веры. Дакладней, практычна ў поўным бязвер'і. І Бог дапамог мне вярнуць тое, што я страціў. Так заўсёды: ад мяне патрабуецца толькі адзін крок, а ўсё астатняе робіць Ён.

Пілігрымка для мяне - гэта як ідэальная Царква. Там, дзе вакол сапраўды браты і сёстры ў Хрысце, там, дзе гучыць пастаянная малітва, што зыходзіць адначасова з сотняў сэрцаў, там, дзе твой Крыж робіцца прыслаўным, там, дзе сапраўдная, узрываючая душу радасць.

Цяпер я ведаю, да чаго імкнуцца, бо ў Валадарстве нябесным ўсё будзе менавіта так, толькі ў тысячы разоў лепш. Царства Божае - пілігрымка па вечнасці.

Last modified onСерада, 09 Ліпень 2014 20:02
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць