BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Маці 18 дзяцей прэзентавала сваю кнігу ў Беларусі і сустрэлася з сем'ямі Мінска і Гомеля

Адны з самых шматдзетных сужэнцаў Еўропы распавялі, як быць шчаслівым у сям'і [33 фота]

Мабыць, самая вядомая шлюбная пара Еўропы - Хасэ Марыя Пасціга і Роза Пік - наведала Беларусь 25-27 лістапада. Бацькі 18 дзяцей сустрэліся з сем'ямі Мінска і Гомеля. Роза прэзентавала сваю кнігу «Як жыць шчасліва ў сям'і з 1,2,3 ... дзецьмі?», а Хасэ Марыя прадставіў курсы Міжнароднай федэрацыі сем'яў (IFFD).

Кніга шматдзетнай маці з Барселоны ў перакладзе на беларускую мову была нядаўна выдадзена на ахвяраванні каталіцкіх вернікаў. Беларусь стала 14-й краінай, дзе Роза прэзентавала сваю кнігу, у якой на прыкладзе свайго жыцця праз канкрэтныя сітуацыі паказвае практычна, як быць шчаслівым у сваёй сям'і кожны дзень. Нядаўна сужэнцы наведалі з гэтай жа мэтай Партугалію (крыху раней - Кітай і Паўднёвую Карэю), а ўжо хутка адправяцца ў Афрыку, дзе пройдзе іх сустрэча з сем'ямі Кот д'Івуара.

Арганізаваць сустрэчу ў Беларусі ўдалося дзякуючы шчаслівым «выпадковасцям», якія суправаджалі візіт іспанцаў. На валанцёрскай аснове вялікую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства ў Мінску аказалі вядомы рэжысёр Зміцер Саладуха і грамадскі актывіст Вольга Севярынец. Вядучым вечара ў Мінску быў папулярны акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук - бацька пецярых дзяцей. Экскурсію па Мінску для іспанцаў правёў вядомы культуролаг Сяргей Харэўскі. Сваё памяшканне для сустрэчы бясплатна прадаставіла кампанія «Будзьма беларусамі!» Перакладчыкі ў Мінску і Гомелі таксама пагадзіліся працаваць на валанцёрскай аснове.

Каля 80 чалавек наведалі унікальную сустрэчу ў Мінску і яшчэ 20 - у Гомелі. Характэрна, што многія з сужэнцаў, якія прыйшлі пазнаёміцца з іспанцамі, таксама шматдзетныя, некаторыя выхоўваюць шэсць-дзевяць дзяцей. Беларускія сужэнцы прасілі еўрапейцаў падзяліцца досведам у многіх пытаннях сямейнага жыцця. Сям'я з Барселоны стала знакам для многіх.

- Калі мы ажаніліся, мы адразу хацелі вялікую сям'ю. Першыя двое дзяцей памерлі з-за хваробы. Адзін пражыў два месяцы, а другі 10 дзён. Доктар казаў: калі ласка, не трэба больш нараджаць дзяцей, у вас нічога не атрымаецца. А я кажу: чаму? Гэта мая асабістая справа! І сказала, што ў нас атрымаецца! Адзін за адным, адзін за адным!

Двайняты нарадзіліся толькі аднойчы, астатнія - пагодкі. Бацькі працуюць і жывуць за кошт сваёй працы. Вядома, гэта цяжка, але галоўнае - наладзіць дома дакладны механізм. Гэта сям'я так і не стала багатай, але стала шчаслівай. Пра тое, як гэта зрабіць, хацелі распавесці ўсяму свету, так з'явілася кніга.

Сужэнцы сказалі і аб сваім рацыёне. Напрыклад, у месяц яны з'ядаюць 25 кілаграмаў бульбы, 100 яек, выпіваюць 240 літраў малака. А ў пакоях зручна ставіць не двухпавярховыя ложкі, а адразу чатырох'ярусныя!

- Мы не ідэальныя, мы спрачаемся адзін з адным, пры дзецях таксама. А потым просім прабачэння - таксама перад імі, - распавядае Роза аб адным з сакрэтаў шчасця.

Наогул жа муж і жонка кажуць, што ў іх такое ж жыццё, як і ў іншых людзей, толькі праблем у некалькі разоў больш. Дарэчы, практычна ніякай дапамогі ад дзяржавы сям'я не атрымлівае: толькі бясплатную вышэйшую адукацыю і зніжка 50% на праезд у грамадскім транспарце. Сям'я жыве ў кватэры, дзе ёсць два пакоі для хлопчыкаў і два для дзяўчынак, спальня для бацькоў, вялікі агульны пакой. Эканомяць ваду і электрычнасць. Мама сама стрыжэ маленькіх дзяцей і за паўгадзіны можа пастрыгчы адразу пецярых!

У сям'і прынята збірацца па вечарах разам у адным пакоі, разам вячэраць, каб выслухаць кожнага дзіцяці, пагаварыць з ім - вельмі важна размаўляць за ежай, а не глядзець тэлевізар ці сядзець у гаджэтах, падкрэсліваюць сужэнцы. Цацак у дзяцей няшмат, яны гуляюць адзін з адным. А муж і жонка абавязкова выдзяляюць час, каб пабыць сам-насам адзін з адным і падтрымліваць сваё каханне.

- Хочаце быць шчаслівымі? Нараджайце дзяцей! Калі вы хочаце быць яшчэ больш шчаслівыя, усё проста - вам патрэбныя яшчэ дзеці! - запэўнівае Роза.

Хасэ Марыя і Роза - практыкуючыя католікі, і іх сям'я жыве па хрысціянскіх запаведзях. Муж і жонка не хаваюць, што толькі Бог дае ім сілы на пераадоленне жыццёвых цяжкасцяў, кожны дзень удзельнічаюць у Імшы і моляцца разам з дзецьмі.

Media

Last modified onНядзеля, 27 Лістапад 2016 01:37
Каментары   
+1 #2 Павел 2016-11-28 15:48
А подробности о семье и их визите в Беларусь можно почитать в Комсомолке: www.kp.by/.../3629560
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+1 #1 Павал 2016-11-27 02:17
Жадаючыя набыць кніжку, калі ласка, пакідайце ў каментарах свае кантакты, яны не будуць публікавацца, але будуць перададзены арганізатарам выдання кнігі.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць