BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў не рабіць бясплатным ЭКА

«Гэта велізарны бізнес на чалавечай бядзе», - лічыць каталіцкі іерарх і тлумачыць мінусы працэдуры

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч апублікаваў адкрыты ліст да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і міністра аховы здароўя Беларусі.

Іерарх занепакоены тым, што Міністэрства аховы здароўя прапануе зрабіць бясплатнай першую спробу экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Каталіцкі Касцёл мае шэраг аргументаў супраць таго, каб фінансаваць першую спробу ЭКА за кошт бюджэту, адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Рэальная інфармацыя аб эфектыўнасці гэтай працэдуры недаступная, канстатуе ён.

- ЭКА - гэта велізарны бізнес на чалавечай бядзе, таму прадстаўнікамі гэтага бізнесу і звязанымі з імі медыцынскімі структурамі замоўчваюцца цяжкія, часам катастрафічныя наступствы гэтай працэдуры для жанчыны, а таксама дадзеныя аб слабым здароўі, а часам інваліднасці дзяцей, зачатых такім ненатуральным чынам. Лячэнне такіх жанчын і дзяцей гэты бізнес ужо не аплачвае: яно кладзецца на плечы падаткаплацельшчыкаў, гэта значыць нас з вамі, - цытуе Мітрапаліта Catholic.by.

Працэдура ЭКА немагчымая без знішчэння эмбрыёнаў, кожны з якіх мае права на жыццё:

- Паводле афіцыйных звестак, штогод у Беларусі праводзіцца больш за 3 тыс. поўных скончаных цыклаў дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій (ДРТ). У выніку гэтай працэдуры нараджаецца каля адной тысячы дзяцей у год. Адпаведна, як мінімум 2/3 зачатых дзяцей гіне, - падкрэслівае іерарх. - Пры шматлікіх праграмах ДРТ вырабляюцца так званыя запасныя эмбрыёны, якія пасля выкарыстоўваюцца для даследаванняў, знішчаюцца або замарожваюцца для далейшых спробаў ЭКА.

Колькі эмбрыёнаў знаходзіцца ў Беларусі ў лабараторыях крыякансервацыі? Колькі беларускіх бацькоў пакутуюць ад таго, што іх эмбрыёны замарожваюцца і знішчаюцца, ставіць пытанне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Міф пра тое, што можна правесці ЭКА, маючы толькі адну яйцаклетку, - хлусня: ніводная клініка на такое не пагодзіцца. Аднак інфармацыя аб гэтым практычна недаступная, нагадвае Мітрапаліт:

- Працэдура парушае святасць акту зачацця, як гэта задумана Створцам. Зачацце становіцца вынікам супрацоўніцтва паміж жанчынай і ўрачом, і гэта наносіць удар па айцоўству, таму што бацька фактычна аказваецца выключаным з працэсу зачацця свайго дзіцяці. Ёсць шэраг даследаванняў аб тым, як цяжка маці і бацьку наладзіць нармальныя адносіны са сваім дзіцем, зачатым «у прабірцы».

Іерарх гаворыць і аб тым, што ЭКА адкрывае шырокія магчымасці для сурагатнага мацярынства і гандлю дзецьмі. Па сваёй сутнасці сурагатнае мацярынства - гэта абмен дзіцяці ва ўлонні маці на грошы:

- Варта памятаць і пра тое, што ў заходніх краінах да ЭКА і паслуг сурагатных маці звяртаюцца прадстаўнікі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, якія вырашылі стаць бацькамі.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прапануе бяздзетным сужонкам узгадаць пра ўсынаўленне, патранатнае выхаванне або іншыя формы дапамогі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. А сур’ёзнай альтэрнатывай ЭКА з’яўляюцца метады распазнавання плоднасці (МРП):

- Гэтыя метады нейтральныя з маральнага пункту гледжання, бяспечныя для здароўя, умацоўваюць сужэнства і ў многіх выпадках па эфектыўнасці пераўзыходзяць ЭКА. Але яны практычна цалкам ігнаруюцца беларускім Міністэрствам аховы здароўя.

Мітрапаліт моліцца аб прыняцці этычнага рашэння па гэтым актуальным пытанні, «каб пад маркай вырашэння дэмаграфічных праблем не развіваўся сумнеўны бізнес».

Каментары   
-1 #1 Александр 2019-02-21 09:19
С Уважением отношусь к Тадеушу Кондрусевичу - Великий человек. Многим надо брать с него пример. Но мне кажется, что это, вмешательство в дела государства, нарушение концепции Симфонии властей.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць