BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Святара-паляўнічага абвінавацілі ў «забойстве жывёл». Разбіраемся, што не так

Мяркуючы па ўсім, правакацыйнай публікацыяй спрабуюць аказаць ціск на Касцёл з мэтай змяшчэння святара з пасады.

У праўладных пабліках 15-16 чэрвеня растыражавалі правакацыйную публікацыю пра вядомага беларускага каталіцкага святара. Мяркуючы па ўсім, сілавікі канфіскоўвалі ў яго тэлефон і не знайшлі там ніякага «крыміналу», таму вырашылі падтасаваць факты і распаўсюдзіць маніпулятыўную публікацыю, каб аказаць ціск на Касцёл з мэтай змяшчэння святара з пасады.

Як даведаўся Katolik.life з адкрытых крыніц, ксёндз на волі і працягвае выконваць свае абавязкі – увечары 15 чэрвеня ён цэлебраваў святую Імшу.

Акрамя абразаў, абвінавачванняў у «няправільных» палітычных поглядах, у прапагандысцкай публікацыі святара абвінавачваюць і ў «забойстве жывёл». Нібыта «насуперак кананічнай забароне на пазбаўленне жыцця» ён займаўся паляваннем.

Насамрэч, ксёндз зусім не хаваў свайго захаплення, якое ніяк не парушае кананічнае права, урачыста асвячаў у храме сцяг паляўнічага клуба і яшчэ ў 2011 годзе даваў вялікае інтэрв'ю, у якім тлумачыў, у тым ліку, і пытанне «забойства жывёл». На меркаванне пра тое, што паляўнічыя парушаюць запаведзь «Не забівай» і пазбаўляюць жыцця «такіх жа Божых стварэнняў, як і чалавек», святар адказаў:

«Але ж у жывёлы няма душы! І тое, што на паляванні мы яе забіваем, ніякага дачынення да Божых запаведзяў не мае. Ёсць, вядома, тыя, хто адчуваюць асалоду не ад самога працэсу палявання, а менавіта ад забойства – не абавязкова дзікіх звяроў, а і проста дваровых катоў і сабак, назіраючы іх перадсмяротныя пакуты. Гэта хворыя людзі! Сапраўдны ж паляўнічы імкнецца выключыць пакуты звяроў і птушак, вучыцца трапляць адразу па месцы».

Святар падкрэсліў, што першыя людзі ўсе былі не земляробамі, а паляўнічымі, якія здабывалі сабе ежу тым, чым умелі:

«Але нават цяпер, калі ад здабычы не залежыць жыццё паляўнічага і ягонай сям'і, мы заўсёды на паляванні стараемся абавязкова знайсці і дабраць падранка, каб звер або птушка не загінулі марна. Бо Бог не для таго даў нам тую ж маленькую качку, каб яна, параненая недакладным стрэлам, схавалася ў чароце, загінула там у пакутах і сапсавалася, на прынёсшы нікому карысці. Мы паважаем нашу здабычу і не даем ёй знікаць дарма. Дзічыну даў нам Бог. І паляванне даў нам Ён жа, а значыць, гэта справа, якое яму падабаецца. Колькі разоў большасць людзей, якія сцвярджаюць, што яны любяць прыроду, але не разумеюць паляванне і паляўнічых, бываючы на прыродзе, бачылі дзікіх жывёл? А ці ведаюць яны, да чаго прыводзіць надмернасць папуляцыі таго ці іншага віду? Напрыклад, таго ж дзіка ці бабра, як сёння ў нас у Беларусі? Мала таго, што гэтыя звяры наносяць прамую шкоду народнай гаспадарцы – іх пагалоўе становіцца глебай для распаўсюджвання небяспечных захворванняў, ад якіх могуць пацярпець і многія людзі. Так што паляванне дапамагае праводзіць селекцыю, паляпшаць пароду жывёл».

Святар адзначыў, што паляўнічым быў і паважаны кардынал Казімір Свёнтэк, і што ў цэлым Каталіцкая царква не забараняе святарам паляваць і не выступае супраць палявання, а ў польскіх паляўнічых клубах ёсць свае капеланы, з якімі людзі не толькі вядуць духоўныя гутаркі, але і разам палююць.

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Такім чынам, падобнымі ілжывымі прапагандысцкімі публікацыямі ажыццяўляецца далейшы ціск на Каталіцкую царкву ў Беларусі з мэтай змяшчэння з пасадаў аўтарытэтных святароў (у тым ліку і пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка), у прыватнасці, за праяву сімпатыі або падтрымкі мірных маніфестацый у 2020 годзе, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў адносінах да дэманстрантаў. Грамадска-палітычны крызіс, які доўжыцца ў Беларусі ўжо каля трох гадоў, працягвае пагаршацца.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць