BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа: Не ўлада і грошы даюць суцяшэнне, але Гасподзь

“Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных і духоўных драм”, - сказаў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 7 снежня 2014 г.

Ён заклікаў вернікаў,прысутных на плошчы св. Пятра, каб абвяшчалі пасланне суцяшэння ўсім людзям. “Гэтая нядзеля з’яўляецца другім этапам перыяду Адвэнту – цудоўнага часу, які абуджае ў нас чаканні на другое прыйсце Хрыста і памяць Яго гістарычнага прыйсця. Сённяшняя літургія ўзгадвае нам пасланне поўнае надзеі. Запрашэнне Пана, якое Ён выказаў вуснамі прарока Ісаі: “Суцешце, суцешце народ Мой! —кажа ваш Бог” ( Іс 40,1). Гэтымі словамі адкрываецца “Кніга суцяшэння”, у якой прарок звяртаецца да народа ў выгнанні з радасным абвяшчэннем яго вызвалення. Час смутку завершыўся; народ Ізраэля можа з даверам глядзець у будучыню. Яго чакае, нарэшце, вяртанне на радзіму. І дзеля гэтага людзі закліканы да таго, каб Пан іх суцяшаў.

Ісая звяртаецца да людзей, якія прайшлі праз цёмны перыяд, якія зазналі вельмі цяжкае выпрабаванне; але зараз настаў час суцяшэння. Месца смутку і страху заступіла радасць, таму што сам Пан будзе кіраваць сваім народам на шляху да вызвалення і збаўлення. У які спосаб гэта зробіць? Зробіць з турботай і пяшчотай пастыра, які клапоціцца пра свой статак. Ён сапраўды забяспечыць адзінства і бяспеку для статка, будзе яго пасвіць, разсеяных авечак збярэ ў бяспечнай аўчарніі, будзе звяртаць асаблівую ўвагу на найбольш уразлівых і слабых авечак. ( Іс 40,11). Такім будзе стаўленне Бога да нас, Яго стварэнняў. Таму прарок заклікае тых, хто яго слухае – уключна з намі – распаўсюджваць сёння паміж усімі гэтае пасланне надзеі: пасланне, што Бог нас суцяшае і стварае месца для суцяшэння, якое прыходзіць ад Пана.

Але мы не можам быць пасланнікамі суцяшэння Бога, калі мы не будзем самі адчуваць першымі радасць быць суцяшанымі і любымі Богам. Гэта адбываецца тады, калі мы слухаем Яго Слова, Евангелле, якое мы павінны насіць у кішэні: не забывайма пра гэта! Евангелле - ў кішэні ці ў сумцы, каб яго пастаянна чытаць. І гэта дасць нам суцяшэнне: калі застаемся ў ціхай малітве ў Яго прысутнасці, калі Яго сустракаем у Эўхарыстыі ці ў сакраманце прабачэння. Гэта ўсё нас суцяшае.

Дазволім, каб заклік Ісаі – “Суцешце, суцешце народ Мой” – гучаў у нашых сэрцах у гэтым перыядзе Адвэнту. Сёння нам патрэбны людзі, якія з’яўляліся б сведкамі міласэрнасці і пяшчоты Пана, Які абуджае расчараваных, адраджае тых, хто ўпаў у роспач. Ён запальвае агонь надзеі. Не мы. Многія сітуацыі патрабуюць нашага суцяшальнага сведчання: быць радаснымі і суцяшаючымі асобамі. Я думаю пра тых, хто прыгнечаны пакутамі, несправядлівасцямі і злоўжываннямі. Тых, што сталі рабамі грошай, ўлады, поспеху і славы. Бедныя, яны маюць скажоныя суцяшэнні, не сапраўдныя, якія дае Пан. Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных і духоўных драм. Ён можа зрабіць гэта. Ён магутны.

Пасланне Ісаі, якое гучыць у гэтую другую нядзелю Адвэнту, з’яўляецца бальзамам на нашыя раны і стымулам для стараннай падрыхтоўкі шляхоў Пану. Прарок сапраўды гаворыць сёння да нашых сэрцаў, каб абвясціць, што Бог забываецца на нашы грахі і нас суцяшае. Калі мы даверым сябе Яму з пакорай і з раскаяным сэрцам, Ён абрыне муры зла, запоўніць ямы нашай бяздзейнасці, пераломіць хрыбты ганарыстасці і пыхі і адкрые шлях да сустрэчы з Ім. Вельмі цікава, што мы шмат разоў баімся суцяшэння, быць суцяшанымі. Наадварот мы адчуваем сябе больш бяспечна ў смутку і болю. Ведаеце чаму? Таму, што ў смутку мы адчуваем сябе амаль героямі. За тое ў суцяшэнні Святы Дух з’яўляецца героем! Гэта Ён нас суцяшае, Ён дае нам мужнасць выйсці з сябе саміх. Ён вядзе нас да крыніцы сапраўднага суцяшэння, гэта значыць да Айца. І гэта з’яўляецца навяртаннем. Калі ласка, дазвольце, каб Пан вас суцяшаў!

Панна Марыя з’яўляецца шляхам, які сам Бог падрыхтаваў для свайго прыходу ў свет. Даручым Ёй чаканні збаўлення і міру ўсіх мужчын і жанчын нашага часу”,- сказаў перад марыйнай малітвай Пантыфік.

Як звычайна, пасля “Анёл Панскі” Францішак прывітаў вернікаў, пажадаў ім добрай і спакойнай нядзелі. Папа папрасіў іх, каб не забывалі маліцца за яго.

radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць