BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт Кандрусевіч правёў Імшу на сваё 70-годдзе

Прэзідэнт перадаў на юбілей іерарха віншаванні і кветкі.

2 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая святая Імша з нагоды 70-гадовага юбілею Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Каталіцкай Царквы ў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Дзень нараджэння іерарх адзначае 3 студзеня.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў юбіляр, прысутнічалі каталіцкія біскупы Беларусі, духавенства з усіх дыяцэзій Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, родныя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, землякі іерарха з яго роднага Адэльска, яго былы аднакласнік, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, Лютэранскую Царкву – пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Гамілію падчас Імшы прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. «Мы шчыра віншуем Вас і жадаем Вам яшчэ шмат-шмат гадоў узначальваць Касцёл у нашай краіне і весці нас да збаўлення, - адзначыў біскуп. - Мы хочам падзякаваць Богу за такі вялікі дар - дар пастыра, святара і сапраўднага чалавека, у якога кожны з нас можа павучыцца, як у сваім жыцці важна практыкаваць цноты, пра якія кажа Святое Пісанне: веру, надзею і любоў. Мы ведаем, як Вы любіце наш народ, як з энтузіязмам, унутранай энергіяй прамаўляеце гаміліі, наведваеце людзей, так, што ўсім нам хочацца больш адкрыцца на Бога», - цытуе Сatholic.by.

Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Мітрапаліта павіншаваў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, агучыўшы прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў уручыў юбіляру кветкі ад імя Прэзідэнта.

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, святароў і вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Вы праз сваё жыццё пранеслі вернасць Пану нашаму Езусу Хрысту, - сказаў протаіерэй. - Мы жадаем Вам многіх гадоў плённай працы, служэння Богу і свайму народу».

Пастар Уладзімір Татарнікаў, віншуючы Мітрапаліта, адзначыў: «Не перастаеш здзіўляцца, калі бачыш на сайтах ці па тэлебачанні, як Мітрапаліт здзяйсняе пілігрымку на ровары, наведае маленькія і вялікія супольнасці. У Вас столькі энергіі, што не кожны паверыць, што Вы адзначаеце такі юбілей».

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, падзякаваў Богу за дар і ўвесь досвед жыцця, бацькам за хрысціянскае выхаванне ў цяжкія часы, калі вера падвяргалася пераследу, сваім блізкім, землякам, братам у святарстве і ўсім удзельнікам гэтай сустрэчы, у тым ліку за добрыя словы віншаванняў. «Я стараўся служыць верай і праўдай людзям, Касцёлу, усяму грамадству», - сказаў арцыпастыр.

“Чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму, тады ён захавае гэта падабества, калі будзе жыць паводле Божага закону. Ведаеце, калі чалавек лічыць сабе веруючым, а перажагнацца не умее, малітву “Ойча Наш” не ведае, такая “паказуха” - так не павінна быць. Езус Хрыстус кажа: “Ты павінен быць ці халодным, ці гарачым”. Ці ты веруючы, ці няверуючы, а не так, што чалавек стаіць у Касцёле, а потым выходзіць, робіць і кажа нешта супраць веры. Гэта не ўпрыгожвае чалавека”, - лічыць арцыбіскуп.

Цікава, што менавіта 2016 г. будзе адметны і іншым юбілеем: у маі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыць 35-годдзе святарскага пасвячэння, падзеі, з якой і пачалося яго плённае духоўнае і пастырскае падарожжа.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 у мяст. Адэльск Гарадзенскага раёну. У 1962 годзе паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачваньнямі ў рэгулярным наведваньні касьцёлу і ўдзеле ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Горадні, у 1964 годзе паступіў на энэргамашынабудаўнічы факультэт Ленінградзкага політэхнічнага інстытуту, які скончыў ў 1970 на «выдатна», атрымаў дыплём інжынэра-мэханіка па спэцыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынэрам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1976-1981 гг. навучаўся ў Духоўнай сэмінарыі ў Коўне. 31 траўня 1981 прыняў святарскае пасвячэнне і пасля служыў у Літве. 13 красавіка 1991 менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Эўрапейскае часткі Расіі. 21 верасня 2007 Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Валодае беларускай, рускай, польскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі.

Last modified onСубота, 02 Студзень 2016 22:30
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць