BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Найстарэйшы каталіцкі святар Беларусі адзначыў 90-годдзе

Яго жаданне - каб «усе людзі жылі паводле Божай волі».

1 студзеня ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, адзначыў 90-ю гадавіну свайго нараджэння. У гэты дзень ксёндз прэлат дзякаваў Богу за дар святарства і за ўсіх людзей, якіх Пан паставіў на яго жыццёвым шляху. З гэтай нагоды кс. Юзаф Трубовіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Памаліцца за юбіляра прыбылі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі горада Гродна, якім ксёндз прэлат знаёмы і вельмі блізкі.

Гамілію на Імшы прамовіў кусташ санктуарыя Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы кс. Міхал Ластоўскi. Святар адзначыў, што ксёндз прэлат сёння з’яўляецца для многіх духоўных асобаў прыкладам таго, як трэба любіць Бога і бліжняга, а таксама прызнаўся, што прыклад штодзённага служэння і малітвы юбіляра натхніў між іншым і яго самога пайсці за голасам паклікання.

Сам ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч выказаў Богу ўдзячнасць за ўсё дабро, якое атрымаў. Юбіляр прыгадаў усіх тых, хто паспрыяў распазнанню ім дарогі святарства, бацькам за выхаванне ў веры і ўсім людзям, якіх за ўсе гады служэння ў розных парафіях Бог паставіў на яго жыццёвым шляху. «Хачу найперш падзякаваць Пану Богу, бо гэта з Яго святой волі ўсё сталася», - падсумаваў свой шлях юбіляр і дадаў, што яго жаданне - каб «усе людзі жылі паводле Божай волі» і імкнуліся да святасці, якая «засноўваецца на паслухмянасці Божай волі».

Усіх сабраных вакол Хрыстовага алтара ў дзень свайго 90-годдзя ксёндз прэлат заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. «Усіх вас прашу, маліцеся аб новых пакліканнях. Малітва аб пакліканнях вельмі важная і з’яўляецца крыніцай кожнага паклікання», - цытуе Сatholic.by.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Невярышкі на Браслаўшчыне. Пакліканне да святарства адкрыў вельмі рана, будучы яшчэ дзіцём. Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі. У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл). Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх - «Шлях звычайнага жыцця» - выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння. Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі, у ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана. У верасні 2016 года кс. Трубовіч адзначыць 60 гадоў святарства.

Нагадаем, 2 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая святая Імша з нагоды 70-гадовага юбілею Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Каталіцкай Царквы ў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Дзень нараджэння іерарх адзначае 3 студзеня.

Last modified onНядзеля, 03 Студзень 2016 18:52
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць