BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Кананізацыя Маці Тэрэзы ў Ватыкане - ВІДЭА-трансляцыя

Імшу на плошчы святога Пятра ўзначаліць Папа Францішак.

4 верасня ў 10.30 па рымскім часе на плошчы святога Пятра ў Ватыкане пачнецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць Папа Францішак, і кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты. Урачыстасці ў Каталіцкай царкве з нагоды прызнання святой заснавальніцы Місіянерак Любові трываюць ужо з 1 верасня: у Рыме прайшлі выставы, катэхезы, сямейныя святы, выстаўленне рэліквій святой Маці Тэрэзы.

5 верасня кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін узначаліць св. Імшу падзякі за кананізацыю. На гэты дзень выпадзе першы літургічны ўспамін св. Тэрэзы Калькуцкай. У другой палове дня яе рэліквіі будуць выстаўлены ў базыліцы св. Яна Латэранскага і застануцца там да 6 верасня. 7 і 8 верасня рэліквіі новай святой будуць выстаўлены ў храме св. Рыгора Вялікага. Таксама можна будзе наведаць пакой маці Тэрэзы ў мясцовым кляштары.

На ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Маці Тэрэзы адправілася група гомельцаў на чале з пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці айцом Славамірам Ласкоўскім. А сёстры ордэна Маці Тэрэзы (Місіянерак Любові), якія служаць у Гомелі - у адзіным у Беларусі Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы - будуць назіраць за кананізацыяй заснавальніцы ордэна праз інтэрнэт. Паказ онлайн-трансляцыі для сясцёр і жыхароў Дома міласэрнасці арганізуюць парафіяне касцёла, паколькі самі сёстры, паводле свайго статуту, не маюць кампутараў і іншых тэхнічных сродкаў.

«Зялёнае святло» кананізацыі даў Папа Францішак, прызнаўшы другі цуд, здзейснены праз заступніцтва Маці Тэрэзы. Яна змагла вылечыць жыхара Бразіліі, які пакутаваў ад інфекцыйнай хваробы мозгу, якая прывяла да шматлікіх абсцэсаў і гідрацэфаліі. Менавіта да Маці Тэрэзы маліліся сваякі хворага, які вылечыўся насуперак прагнозам лекараў. Медыцынская камісія Ватыкана прызнала гэты выпадак «невытлумачальным з пункту гледжання сучаснай навукі».

Маці Тэрэза прыйшла на свет як Аньезэ Гонджа Баяджыў 26 жніўня 1910 г. у Скоп’е, але Дзень нараджэння заўсёды святкавала 27 жніўня, калі яе хрысцілі. Ва ўзросце 18 гадоў яна ўступіла ў кангрэгацыю сясцёр ларэтанак. Праз год адправілася ў Індыю, дзе была настаўніцай у школе для дзяўчынак. Для служэння самым бедным і кінутым, заснавала ў 1949 г. Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, якая ў цяперашні час налічвае больш чым 5 тыс. членаў у 133 краінах на ўсіх кантынентах. У 1963 г. Маці Тэрэза заснавала мужскую манаскую кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові. У 1979 г. яна была ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру. Памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай 19 кастрычніка 2003 г.

Media

Last modified onПанядзелак, 05 Верасень 2016 10:53
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць