BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Дзень малітвы за мір: войны ўзнікаюць з-за сацыяльнай несправядлівасці

У Асізі запалілі 28 свечак за краіны, дзе вядуцца войны.

20 верасня, у апошні дзень сусветнага малітоўнага форуму за мір, каталіцкая супольнасць Беларусі правяла адмысловыя набажэнствы. У мінскай архікатэдры малітву ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які назваў сустрэчу ў Асізі «сусветным форумам змагароў за мір».

Іерарх указаў на занепакоенасць Святога Айца сітуацыяй у свеце, дзе «ўжо ідзе гібрыдная вайна і дзе амаль кожны дзень адбываюцца тэрарыстычныя акты, а хваля бежанцаў з Сірыі і іншых краін Афрыкі і Азіі запаланіла Еўропу». «Менавіта таму Папа Францішак заклікаў сусветных рэлігійных лідараў правесці чарговую малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце», — дадаў арцыпастыр.

У гаміліі Мітрапаліт разважаў, чаму пытанне міру ва ўсе часы застаецца актуальным: «Свет, асабліва бездухоўны, не можа гарантаваць міру, бо мір — гэта не толькі адсутнасць ваенных дзеянняў, гвалту, тэрарыстычных актаў і г.д. Гэта найперш мір у нашых сэрцах. Калі мы хочам супакою ў свеце, то не можам затрымліваць духоўнага дыхання».

Як адзначыў іерарх, мір не залежыць ад іншых людзей, бо іх «думкі, словы і дзеянні не заўсёды міратворчыя», як не залежыць таксама ад нас, бо «мы ведаем, што такое дабро, а ў той жа час чынім зло».

Мітрапаліт падкрэсліў, што мір — гэта не вынік выключна чалавечых змаганняў, а Божы дар і адказнасць, ускладзеная на чалавека. «Яна будзе паспяхова выканана, калі ў справе міру мы будзем разлічваць не на свае слабыя сілы, але на Бога», — падкрэсліў іеарарх.

Арцыпастыр нагадаў, што важным гарантам міру ў свеце з’яўляецца таксама сацыяльная справядлівасць, а войны ўзнікаюць найперш з-за яе адсутнасці, паведамляе Сatholic.by.

А ТЫМ ЧАСАМ

Хрысціяне пакліканы быць “дрэвамі жыцця”, якія ўцягваюць у сябе выхлапы абыякавасці і вяртаюць у свет кісларод любові, адзначыў Святы Айцец падчас экуменічнай малітвы, якая прайшла 20 верасня 2016 г. у Ніжняй базыліцы св. Францішка ў Асізі ў рамках Сусветнага дня малітвы за мір.

У сваім разважанні Пантыфік спаслаўся на вокліч укрыжаванага Хрыста: “Прагну” (Ян 19,28). Ён тычыцца не толькі вады, але перш за ўсё чалавечай любові і на яго людзі, як і на старонках Евангелля, часта адказваюць воцатам, заўважыў Папа. Паводле слоў Святога Айца, драму Хрыста глыбока разумеў св. Францішак Асізскі, які гучна плакаў па прычыне “Любові, якую не палюбілі”. У сваю чаргу Маці Тэрэза з Калькуты, адказала на яе канкрэтным клопатам аб бедных.

“Задаволіць прагу любові Езуса на крыжы праз служэнне самым бедным з бедных – гэта быў яе адказ. Сапраўды, Пан спагнёны па нашай спагадлівай любові. Ён атрымлівае суцяшэнне, калі ў Яго імя, пахіляюцца над беднасцю іншых. Падчас суду ён назаве “благаслаўлёнымі” тых, хто напаіў прагнучых, хто ахвяраў канкрэтную любоў патрабуючым: “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў пачуць у спрагнёным воклічы Хрыста голас пакутуючых, бязмоўны крык маленькіх нявінных, якім забараняюць прыйсці на свет, ціхую малітву бедных і патрабуючых міру. Іх сітуацыя з’яўляецца выклікам для хрысціян, пакліканых несці міласэрнасць у свет. 

“На крыжы, дрэве жыцця, зло перамянілася ў дабро. Таксама і мы, вучні Укрыжаванага, пакліканы быць “дрэвамі жыцця”, якія ўцягваюць у сябе выхлапы абыякавасці і вяртаюць у свет кісларод любові. З боку Хрыста на крыжы выцякала вада, сімвал Духа, які дае жыццё. Таксама і з нас, вернікаў, павінна выцякаць спачуванне да ўсіх сучасных спрагнёных”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне свайго разважання Папа заўважыў, што дзякуючы сумеснай дапамозе сучасным “укрыжаваным” можа яшчэ больш узрасці гармонія і адзінства паміж усімі вызнаўцамі Хрыста.

Падчас малітвы ўзгадваліся 28 краін, у якіх існуюць канфлікты, напружанасць, вядуцца войны. Сярод іх: Афганістан, Паўднёвая і Паўночная Карэя, Венесуэла, Мексіка, Калумбія, Ірак, Сірыя, Паўднёвы Судан, Украіна, Емен, Святая Зямля і іншыя краіны. За кожную з іх запальвалася свеча.

Адначасова з экуменічнай малітвай, у розных частках Асізі аб міры маліліся прадстаўнікі іншых рэлігій, перадае be.radiovaticana.va.

Last modified onАўторак, 20 Верасень 2016 21:52
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць