BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Біблія Гутэнберга ў Беларусі: дзе і калі яе можна ўбачыць

Арыгінал самай каштоўнай кнігі Еўропы даставілі ў Мінск з Нямеччыны.

Упершыню ў Беларусі можна будзе ўбачыць арыгінал Бібліі Гутэнберга - унікальную кнігу, якая лічыцца самым старажытным, знакамітым і дарагім выданнем у Еўропе. 12 верасня спецрэйсам у суправаджэнні экспертаў-кнігазнаўцаў, дыпламатаў і супрацоўнікаў аховы гэтую кнігу даставілі з Нямеччыны ў Беларусь. Вельмі рэдкі кніжны помнік, 42-радковая Біблія Іягана Гутэнберга 1450-х гг. (Вульгата), захоўваецца ў нямецкім Лейпцыгу, а з 15 верасня будзе прадстаўлена шырокай публіцы на міжнароднай выставе «Францішак Скарына і яго эпоха» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Выстава прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і будзе адкрыта для наведвальнікаў па 31 снежня 2017 года. Тут збяруць арыгіналы і факсіміле друкаваных кніг ХV-XVII стст., прывезеных з Нямеччыны, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі. Цэнтральнае месца адведзена арыгінальным выданням Францішка Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет у Празе і Вільні ў 1517-1525 гг. Таксама на выставе можна будзе паглядзець і выпрабаваць адноўлены друкаваны станок Скарыны.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі паведамілі, што Святое Пісанне, выданае Гутэнбергам, традыцыйна лічыцца кропкай адліку гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе і паваротным момантам у пераходзе ад сярэднявечча да сучаснасці. Гэтая кніга, надрукаваная высакародным гатычным шрыфтам, прызнаная шэдэўрам вытанчанага друку і мастацкага майстэрства. Біблія цалкам надрукаваная ў дзве калонкі. Вялікія літары і загалоўкі маюць каляровыя ўпрыгажэнні, выкананыя ўручную. У свеце захавалася толькі некалькі асобнікаў унікальнага выдання. Магчымасць прадставіць вельмі рэдкае выданне ў Беларусі з'явілася дзякуючы садзейнічанню нямецкага Пасольства і Нацыянальнай бібліятэкі Нямеччыны.

Раней з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы ў Беларусь даставілі Пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 г.

Такім чынам, выставу «Францішак Скарына і яго эпоха» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі можна наведаць з 15 верасня па 31 снежня, працаваць экспазіцыя будзе з панядзелка па пятніцу з 10.00 да 21.00, у суботу і нядзелю - з 10.00 да 18.00, апошні панядзелак месяца - сандзень. Кошт наведвання выставы - усяго 5 рублёў, а для дзяцей ад 3 да 12 гадоў - 3.50 руб. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі і дзеці са шматдзетных сем'яў змогуць купіць квіток за 1.50 руб. Дзеці да 3 гадоў, выхаванцы дзіцячых дамоў і суправаджаючыя групу вучняў (1 чалавек на 10 дзяцей) змогуць наведаць выставу бясплатна. Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 81, 293 27 56.

Last modified onПанядзелак, 18 Верасень 2017 23:54
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць