Logo
Print this page

«Прыбраць дыскрымінацыю». Беларусы збіраюць подпісы за вяртанне «Дзядам» статуса выхаднога дня

Абавязак наведаць могілкі цяжка выканаць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дня 1 ці 2 лістапада.

На платформе Zvarot.by 31 кастрычніка з′явілася петыцыя пад назвай «Зрабіць Дзяды непрацоўным днём - даць магчымасць ушанаваць продкаў!». У звароце гаворыцца аб неабходнасці вярнуць выхадны дзень 2 лістапада, калі католікі адзначаюць Дзень памяці памерлых, а ўсе беларусы - старадаўняе свята памінання продкаў «Дзяды». Нагадаем, 2 лістапада быў непрацоўным днём з самага пачатку незалежнай Беларусі, але ў 1996 годзе - быў выкраслены з шэрагу выхадных.

- Дзяды - восеньскія дні памінання продкаў. У гэты час у большасці рэгіёнаў Беларусі людзі прыходзяць на могілкі, каб прыбраць іх і ўшанаваць памяць продкаў. Калі Дзяды былі непрацоўным днём, гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак, - адзначае аўтар петыцыі, парафіянка гомельскага касцёла Алена Германовіч. Яна дадае, што ў Беларусі, па розных дадзеных, жыве да 1,4 мільёна католікаў, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гродненскай вобласці - 60% насельніцтва. - Абавязак наведаць могілкі цяжка выканаць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дню 1 ці 2 лістапада.

У звароце гаворыцца аб тым, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў - Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выходным:

- Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі дадзенай дэнамінацыі. (...) У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносінаў перад прадстаўнікамі розных канфесій, рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак, выхавання моладзі ў духу пашаны да продкаў патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада нерабочымі днямі ў Беларусі, пачынаючы з 2018 года, і замацаваць гэта адпаведным нарматыўна-прававым актам.

Беларусам прапануюць падпісаць петыцыю і падтрымаць кампанію незалежна ад прыналежнасці да канфесіі. Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Савет Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Last modified onАўторак, 31 Кастрычнік 2017 10:09
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.