Папа Францішак забараніў продаж цыгарэт у Ватыкане
- Written by katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Забарона ўступіць у сілу з пачатку 2018 года: "Святы Пасад не можа ўносіць ўклад у дзейнасць, якая відавочна наносіць шкоду здароўю людзей".
На тэрыторыі Ватыкану з 2018 г. перастануць прадаваць тытунёвыя вырабы. Такое рашэнне прыняў асабіста Святы Айцец. Прычына вельмі простая, як патлумачыў кіраўнік Залы Друку Грэг Бёрк, “Святы Пасад не можа ўносіць уклад у дзейнасць, якая відавочна наносіць шкоду здароўю людзей”. Ён спаслаўся на дадзеныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паводле якіх, кожны год курэнне з’яўляецца прычынай смерці больш за 7 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Прыбытак ад продажу нечага, што ставіць пад пагрозу жыццё, не можа быць апраўданы ніякім чынам.
У 2002 г. Ян Павел ІІ ухваліў строгую забарону на курэнне ў любых месцах грамадскага карыстання ў Ватыкане. Яна тычыцца абсалютна любога чалавека, незалежна ад веравызнання, грамадзянства, сану, пасаду ці асабістых перакананняў. Курэнне ў Ватыкане караецца штрафам.
Паводле Латэранскіх пагадненняў ад 11 лютага 1929 года на тэрыторыі Ватыкана знаходзяцца крамы бяспошліннага гандлю, даступныя для супрацоўнікаў і пенсіянераў ватыканскіх устаноў, у якіх, у тым ліку, ажыццяўляецца продаж тытунёвых вырабаў.