BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Ксёндз: «Пакуль мы ходзім вуліцамі Савецкімі, цяжка сказаць, што ідзем Божым шляхам»

Віцебскі пробашч пачаў публікаваць казанні ў сваім Facebook.

Пробашч вядомай віцебскай рымска-каталіцкай парафіі святога Антонія кс. Вячаслаў Барок пачаў публікаваць казанні на Божае слова на сваёй старонцы ў Facebook. У мінулую нядзелю ў першым чытанні падчас літургіі вернікі пачулі гісторыю прарока Самуэля, якога паклікаў Бог.

- Сёння, калі з захапленнем слухаем гісторыю Самуэля, няхай жа ў нашых хрысціянскіх сэрцах не народзіцца зайздрасць да слаўнага яго жыцця, але ўзмацняецца вера ў тое, што Бог не перастае дзейнічыць у жыцці тых людзей, для якіх, падобна як і ў жыцці Самуэля, Закон Божы з’яўляецца аўтарытэтным, і якія не дазваляюць ніводнаму слову Бога ўпасці на зямлю, а жывуць у гэтым свеце, як кажа псальм «каб выконваць Божую волю», - піша кс. Вячаслаў. - Калі ж чалавек выконвае волю Бога, то і Бог не скупіцца для чалавека ў адорванні сваім блаславенствам.

Па словах святара, слова Божае дае надзею і пераконвае ў тым, што ў якім бы безнадзейным становішчы не знаходзіўся народ, дастаткова толькі захацець пакаяцца ў мінулых грахах, і Бог адразу ж спашле сваё блаславенства. І жыццё, якое сёння некаторыя ў лепшым выпадку ацэньваюць як цярпімае, зменіцца на жыццё шчаслівае і слаўнае, бо ў ім будзе дзейнічыць сам Бог.

- Дзякуючы Хрысту можам быць упэўненымі, што так і будзе. Ён, як чуем у Евангеллі, з’яўляецца «Ягнём Божым» (Ян 1,35), а значыць тым, хто ратуе нас ад усялякіх няшчасцяў і нават ад смерці. Дастаткова, каб жыллё нашае, так як ізраільцянаў у Егіпце, было пазначанае крывёю гэтага ягняці. А мы ж, праз хрост самі пазначаныя і намашчоныя, і пячатка на нас, што мы Хрыстовыя, - працягвае святар. - Як кажа апостал Павел (1 Кар 6,13-20) «целы нашыя - гэта святыня Духа» ды і мы «адны духам з Ім».

Засталося толькі паўстаць і пайсці шляхам за Езусам, аж да месца Яго жылля, каб пасяліцца ў доме Госпада, так як зрабілі ў свой час вучні Хрыста, заўважае кс. Вячаслаў: - Ізраіль у ХІ ст. не хадзіў «шляхамі Пана», і тут паўстае пытанне: якімі шляхамі ходзім мы? Аднак, падаецца, пакуль мы ходзім вуліцамі Савецкімі ці Камуністычнамі і пераходзім праз вуліцы Пралетарскія і Рэвалюцыйныя, каб спыніцца на плошчы Леніна на месцы знаходжання, меркамі біблійнымі, аднаімённага ідала, цяжка сказаць, што мы ідзём Божым шляхам.

На заканчэнне святар жадае:

- Няхай жа скончыцца наш страшны сон, і Бог абудзіць нас, як некалі абудзіў Самуэля, і няхай Бог дазволіць сёння нам пачуць Яго слова, і няхай Ён сам ачысціць нашае жыццё ад усяго, што робіць нас нешчаслівымі. Каб наступныя пакаленні маглі сказаць пра нас: яны верылі і Бог пачуў іх. Акурат такі сэнс мае з габрэйскага імя Самуэль - Бог пачуў. Няхай Бог пачуе нас!

Чытайце таксама: Хто твой Бог або Чаму мы так кепска жывем? Меркаванне святара пра помнікі Леніну выклікала буру абмеркаванняў, з якіх склалася непрывабная карціна...

Last modified onПанядзелак, 15 Студзень 2018 11:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць