BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт - да католікаў: #ЗастаньцесяДома

Арцыбіскуп Кандрусевіч папрасіў служыць святочныя Імшы на адкрытым паветры і званіць у званы а 12-й гадзіне

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да духавенства і вернікаў архідыяцэзіі з заклікам у сувязі з пандэміяй каранавірусу і складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне.

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі заклікаў вернікаў, асабліва людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, «у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».

Іерарх нагадаў, што Белтэлерадыёкампанія будзе трансляваць набажэнствы Пасхальнага трыдууму з мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу а 19-й гадзіне на канале «Беларусь 3», у Пасхальную вігілію ў 21.45 на канале «Беларусь 1». Таксама можна ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з дапамогай трансляцый на афіцыйным сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by, а таксама трансляцый, арганізаваных паасобнымі парафіямі.

Там, дзе ёсць магчымасць, мітрапаліт папрасіў святароў арганізаваць набажэнствы Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдууму звонку касцёлаў і цэлебраваць іх у найбольш кароткай форме, якая дазваляецца літургічнымі прадпісаннямі.

Акрамя таго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў аднавіць старажытную хрысціянскую традыцыю і ў касцёлах, дзе ёсць званы, званіць у іх а 12-й гадзіне, каб такім чынам заклікаць людзей да малітвы «Анёл Панскі» (у Велікодны перыяд - «Валадарка неба») або іншай малітвы да Маці Божай ў інтэнцыі спынення пандэміі.

- Дзякуючы за разуменне, заклікаю не паддавацца паніцы і разам са святым Апосталам Паўлам даверыць сябе збаўчай ласцы Хрыста: «Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве - трывалыя».

Last modified onПятніца, 03 Красавік 2020 19:11
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць