BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Час надзеі і радасці. Католікі пачынаюць Адвэнт

Перыяд чакання Божага Нараджэння сёлета асаблівы - біскуп Антоні Дзям'янка

29 лістапада ў католікаў пачынаецца новы Літургічны год і Адвэнт - час радаснага чакання Божага Нараджэння. Гэта не пост у традыцыйным разуменні гэтага слова: у Каталіцкай царкве на адвэнтавы перыяд няма адмысловых прадпісанняў па абмежаванні ў ежы. Аднак кожнаму верніку рэкамендуюць перагледзець сваё жыццё і прыбраць з яго тое, што перашкаджае сустрэчы, стасункам з Езусам Хрыстом. Адвэнт - гэта малітоўная падрыхтоўка да прыйсця Госпада.

У гэтага перыяду ёсць свае асаблівасці: напрыклад, Раратнія святыя Імшы на ўзыходзе сонца, духоўныя практыкаванні, якія арганізуюць у парафіях. У Адвэнту-2020 ёсць і яшчэ адна асаблівасць: многім давядзецца праводзіць гэты час дома з-за пандэміі COVID-19 і далучацца да святых Імшаў і рэкалекцый анлайн з дапамогай відэа-трансляцый.

Да першай нядзелі Адвэнту біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка скіраваў зварот да вернікаў дыяцэзіі.

- Перад намі Адвэнт 2020 года. Гэта няпросты час, які, хутчэй за ўсё, надоўга застанецца ў нашай памяці. Гэта зусім іншы час, які моцна адрозніваецца ад падобнага перыяду ў мінулым годзе. У пэўным сэнсе, можам назваць яго часам выпрабаванняў. Некаторыя людзі губляюць надзею, некаторыя не знаходзяць у сабе сілы любіць, іншыя становяцца абыякавымі, поўнымі страхаў. Яшчэ іншыя лічаць, што ім дастаткова жыць для сябе, а хтосьці думае, каб проста неяк усё перажыць. На фоне ўсіх тых цяжкасцяў, якія нас напаткалі, папулярнай становіцца тэма крызісу. Кажуць пра крызіс веры, крызіс любові, крызісы ў самых розных сферах жыцця.

У гэты складаны час мы ўваходзім у Адвэнт.

Ён мае сваё пасланне і свой адмысловы заклік надзеі. Нязменны на працягу шматлікіх стагоддзяў.

Гэта пасланне пра Збавіцеля і пра Збаўленне. На працягу гісторыі яно напэўна гучала вельмі па-рознаму ў розныя эпохі: у часы войнаў, катаклізмаў, эпідэмій, патрасенняў у глабальных маштабах і ў індывідуальных вымярэннях чалавечых жыццёвых драмаў. Але Адвэнт заўсёды прыходзіў з тым самым пасланнем: «марана та, прыйдзі, Пане Езу» (Ап 22, 20). І гэты заклік заўсёды быў поўны радасці і надзеі. Бо радасць вынікала з надзеі, што Той, які надыходзіць, зменіць аблічча зямлі і чалавека. Ён зменіць змучаны твар чалавека ў шчаслівую ўсмешку, а слёзы напоўніць глыбінным і бясцэнным сэнсам. Ён пакажа, якая вялікая вартасць цярпення (Ап 21, 4).

Гэтае пасланне Адвэнту не губляе актуальнасці таксама сёння. Яно нязменнае, бо нязменны Той, які надыходзіць, - Езус Хрыстус, Адзіны Збаўца свету ўчора, сёння, навекі (Габр 13, 8). Калі дынамізм нашага штодзённага жыцця і веры будзе выплываць з захаплення Хрыстом, калі нашыя словы будуць пацвярджаць нашыя ўчынкі, загартаваныя вопытам дзейснай любові да бліжняга, тады кожны, хто нас сустрэне, адчуе моц Духа, які перамяняе кожную цемру ў нязгаснае Божае святло. Як жа тужыць па такому святлу збаўлення сэрца кожнага чалавека!

Для многіх людзей Адвэнт — гэта час падрыхтоўкі, але, на жаль, толькі знешняй. Гэта пагроза перавагі формы над зместам, прыгожай традыцыі, але не напоўненай зместам жывой веры. І многія людзі адчуваюць гэтую пустату, калі ў Адвэнце не шукаюць Езуса.

Гэта яшчэ адзін важны заклік адвэнтавага перыяду: туга па сапраўднасці, пошук і адшуканне Бога, вяртанне сэнсу жыцця.

Таму звяртаюся да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры: аднясіцеся да сёлетняга Адвэнту як да асаблівага часу Божай ласкі, асаблівага дару Божага Провіду. Не будзем жа марнаваць ні аднаго адвэнтавага дня. З радасцю будзем перажываць час чакання разам з Марыяй падчас кожнай Раратняй святой Імшы. Бо Езус надыходзіць. Ён блізка. Адчынім Яму дзверы нашага жыцця.

Last modified onАўторак, 08 Снежань 2020 13:49

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць