BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Спыненне эпідэміі і вырашэнне крызісу». Католікі прысвяцілі Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Да гэтага заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які вымушаны знаходзіцца ў выгнанні

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, заклікаў 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ва ўсіх касцёлах і капліцах пасля кожнай святой Імшы прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

- З верай у дапамогу Марыі звернемся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх нас і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і мірнага жыцця, - цытуе Catholic.by арцыбіскупа, які вымушаны знаходзіцца ў выгнанні.

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі

О Найсвяцейшая Тройца: Бог Айцец, які даў Марыі гонар быць найбольш годнай сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Ягонай Маці; Бог Дух Святы, які абраў Яе сваёю Нявестай, мы верым у Цябе, пакланяемся Табе, давяраем Табе, любім Цябе і спадзяемся на Тваю дапамогу! О Марыя, падчас пандэміі каранавірусу і вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу, молячы Цябе аб заступніцтве, мы прысвячаем і даручаем саміх сябе і нашу Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у гэты час вялікіх і небяспечных выклікаў: пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі і неаслабнай напружанасці ў нашым грамдстве.

Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і бліжнім, любячы адзін аднаго і ўзаемна прабачаючы. Наша наймілейшая і чулая Маці, Ты разумееш усе складанасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом: пачуй жа нашыя пакорныя просьбы аб дапамозе падчас гэтых новых выпрабаванняў і сваёю Матчынаю любоўю атулі нас, занепакоеных сваім прамінальным і вечным лёсам.

Праз Цябе, о Беззаганная Багародзіца, да падножжа алтара Міласэрнага і Усемагутнага Бога ўзносім нашую ўдзячнасць за шчодрасць ласкаў, якімі Ён адорвае нас, нашае пакаянне за грахі народа і нашую ахвяру, а таксама просьбу аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу і хутчэйшым ды мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу.

Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаемся…

Прымі нашае Табе прысвячэнне. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Не пакідай нас у гэты час новых выпрабаванняў. Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог праз Тваё заступніцтва дапамагае нам і нашай шматпакутнай Бацькаўшчыне. Няхай благаславіць усіх, хто мужна і ахвярна клапоціцца аб шчаслівай яе будучыні. Няхай адорыць фізічным і духоўным здароўем усіх нас і пакажа шлях да мірнага і цывілізаванага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць