І ў дождж, і ў снег. Больш за год трывае ініцыятыва «Ружанцовы шпацыр за Беларусь»
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
«Заўсёды ёсць спакуса спыніць малітву, але разумеем, што трэба працягваць трываць, захоўваць рэгулярнасць у гэтай справе»
Кожную нядзелю група каталіцкіх вернікаў у Мінску шпацыруе з Ружанцам і малітвай за Беларусь - ад Чырвонага касцёла (парафіі св. Сымона і св. Алены) да катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі. Гэта прыватная ініцыятыва бесперапынна ладзіцца з 9 верасня 2020 года. Пра малітоўную акцыю Katolik.life распавяла ініцыятар і натхняльнік «Ружанцовага шпацыра за Беларусь» Юлія Фралова:
- Калі не ўпусцілі ў краіну арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, захацелася адказаць на гэта малітоўнай ініцыятывай. Пасля св. Імшы ў Чырвоным касцёле прапанавала вернікам, якія адчуваюць такую патрэбу, выйсці разам - памаліцца за Беларусь і за вяртанне арцыбіскупа, ідучы праз цэнтр Мінска з Ружанцам. Некаторыя адгукнуліся, у выніку утварылася група вернікаў - каля дзесяці чалавек. Найбольшая колькасць, якая была, - звыш 20 вернікаў. І з 9 верасня па 24 снежня 2020 года такія Ружанцовыя шпацыры адбываліся штодня.
Пасля таго, як арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца на Радзіму, малітоўны шпацыр вырашылі ладзіць раз на тыдзень - па нядзелях па заканчэнні вечаровай св. Імшы ў Чырвоным касцёле. Пасля ружанцовай малітвы вернікі чытаюць «Літанію нашых дзён» паводле благаслаўлёнага Ежы Папялушкі. Завяршаецца Ружанцовы шпацыр спевам-малітвай «Магутны Божа».
- Ладзім шпацыр пры любым надвор'і - і ў дождж, і ў снег. Таму бывала, што моклі і мерзлі, - прызнаецца пані Юлія. - Заўсёды ёсць спакуса спыніць малітву, але разумеем, што трэба працягваць трываць, захоўваць рэгулярнасць у гэтай справе.
Ініцыятар малітоўнай акцыі падкрэслівае, што ёсць людзі, на якіх трымаецца Ружанцовы шпацыр, - у прыватнасці, гэта спадарыня Марыя. Цяпер не так шмат людзей далучаюцца да жанчын. Частцы былых удзельнікаў давялося з'ехаць за мяжу. Вернікі запрашаюць усіх жадаючых далучацца і арганізоўваць падобныя малітвы ў іншых гарадах.
Related items
-
Трохі экзотыкі з... Бранска, дзе мясцовых католікаў амаль не засталося
-
Не толькі на вуліцы: удзельнікі працэсіі Божага Цела ў Гродне масава сведчылі аб сваёй веры ў сацсетках
-
Чаму ў Беларусі мала святароў і жадаючых імі стаць – меркаванні вернікаў
-
Рэкордная колькасць чалавек далучылася да Каталіцкай царквы ў Маскве
-
Як прайшло ў цэнтры Мінска масавае шэсце католікаў – адметнасці