У Мінску прадстаўнік Папы Рымскага маліўся аб міры і працытаваў Быкава
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Беларускія католікі будуць маліцца аб міры для Украіны ў бліжэйшую нядзелю
У катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі 26 студзеня ў Мінску адбылася св. Імша ў інтэнцыі міру, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Малітва за мір у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў адказ на ініцыятыву Папы Францішка.
Падчас гаміліі ватыканскі дыпламат працытаваў беларускага пісьменніка Васіля Быкава: «Няхай яна будзе тройчы і сотні разоў праклята, гэта вайна...»
- У сваім гімне вы спяваеце: «Мы, беларусы, мірныя людзі...» Няхай жа Беларусь будзе домам, дзе сапраўды жывуць сыны і дочкі супакою, якія разумеюць каштоўнасць міру, - заклікаў ватыканскі іерарх.
Паводле яго, «уся гісторыя чалавецтва, поўная трагедый войнаў, сведчыць пра тое, што сапраўдная сіла - не ў зброі, а ў дыялогу, а сапраўдная мудрасць - не ў распальванні канфліктаў, а ў іх вырашэнні».
У той жа час старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Алег Буткевіч у сваім звароце запрасіў не толькі 26 студзеня, а таксама ў бліжэйшую нядзелю, 30 студзеня, дадаць у малітве вернікаў інтэнцыю аб міры ва Украіне.
- Наша малітва можа не абмяжоўвацца толькі гэтымі днямі, але няхай вынікае з нашай заклапочанасці аб міры і дыялогу ў нашым супольным доме, сярод тых, з кім жывем побач. Моц гэтай малітвы няхай стане падтрымкай для тых, хто гэты мір сёння будуе і абаронай ад сілаў, якія імкнуцца яго зруйнаваць, - цытуе Сatholic.by.
Related items
-
Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску – фотафакт
-
У «Гомельскіх Курапатах» адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, – зноў не
-
Топ-7 фота: як у Беларусі адзначылі «Дзяды»
-
На будоўлі ў Мінску знайшлі чалавечыя парэшткі – тут былі каталіцкія могілкі
-
Пра штучныя кветкі на могілках і немагчымасць наведаць магілы родных далі парады святары