BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Як адрэагавалі вернікі на адмову біскупаў Беларусі дабраслаўляць аднаполыя пары

Каталіцкая супольнасць падтрымала епіскапат, а ў дыскусіях прапанавалі акцэнтаваць увагу на больш актуальную праблему — жыццё ў «грамадзянскім шлюбе».

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі 1 лютага апублікавала паведамленне адносна ватыканскай дэкларацыі Fiducia supplicans, якая дае магчымасць пазалітургічнага благаслаўлення «неўрэгуляваных» або аднаполых пар. Нагадаем, напярэдадні пад петыцыяй да біскупаў збіралі подпісы.

«Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе і аднаполых пар. Канферэнцыя Біскупаў нагадвае святарам і дыяканам, што нелітургічнае благаслаўленне можа ўдзяляцца ўсім асобам, якія аб ім просяць. Аднак заўсёды неабходна пазбягаць удзялення благаслаўлення менавіта парам, якія жывуць у так званым «грамадзянскім шлюбе», а таксама тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве або аднаполым парам. Такое благаслаўленне можа быць успрынята іншымі вернікамі як згода на грэх», — гаворыцца ў паведамленні.

Мы паглядзелі, якія рэакцыі і водгукі атрымалі паведамленні па гэтай тэме ў сацыяльных сетках. У пабліках асноўных каталіцкіх выданняў Беларусі паведамленні не выклікалі абмеркавання і вялікай колькасці рэакцый. Затое ў найбуйнейшай каталіцкай групе ў Фэйсбуку пазіцыю біскупаў успрынялі станоўча — за некалькі гадзін пост набраў амаль 100 пазітыўных рэакцый, таксама завязалася дыскусія.

Акрамя таго, што вернікі ўхвалілі заяву епіскапату, яны працягнулі абмяркоўваць саму дэкларацыю. Меркаванні зноў падзяліліся. Прывядзём некаторыя прыклады.

«Вось уявім, што вы святар. Падыходзіць да вас у касцёле два ці больш чалавек і просяць: "блаславіце нас, каб Бог нас вёў, дапамагаў і засцерагаў ад зла". А на тварах гэтых людзей бачныя іх грахі. Не толькі вы гэта заўважылі ці ведалі, але і парафіяне, якія стаяць збоку, ведаюць, што адзін з іх — бос мафіі з рукамі ў крыві па локаць, а яшчэ двое дакладна геі. І вы як святар вагаецеся. Блаславіце іх тут прылюдна, а вакол будуць шаптацца: вось наш святар ласкава абыходзіцца з мафіёзі і людзьмі, пра якіх мы ведаем, што грашаць сэксуальнымі грахамі. Езус, здаецца, нават да такіх у госці хадзіў. Вось нехта з пастыраў меў сумневы, і задаў афіцыйнае пытанне Ватыкану. Ватыкан адказаў, а вам не падабаецца, перагаворваецеся. Навошта людзей адводзіце ад Папы?»

«Гэтую дэкларацыю прынялі дзеля далейшага разбурэння Касцёла і знішчэння веры — усё астатняе з'яўляецца адмазкамі».

«Нас, католікаў Беларусі, тычыцца практычна ўвогуле толькі тая частка, у якой гаворыцца аб благаслаўленні пар з паўторным шлюбам і, зразумела, нявенчаных. Але чамусьці вэрхал толькі пра адных фігурантаў — садомскія пары».

«Ёсць у беларускага Касцёла праблемы і больш важныя».

«Гэтая тэма наогул неакутальная для Беларусі».

«Спачатку прачытайце ўважліва дэкларацыю! Заклік ёсць адносна благаслаўляць людзей і маліцца за іх! А калі вы тут імкнецеся дачакацца, што ўсе стануць святымі, і потым будзем блаславенне атрымліваць, то вы сутнасці паслання Хрыста не зразумелі! Міласэрнасць і любоў Бога заўсёды апярэджвае!»

Аднак у цэлым, паўторым, каталіцкая супольнасць Беларусі падтрымала пазіцыю біскупаў.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onНядзеля, 04 Люты 2024 16:25
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць