BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Унікальны праект: беларусы ствараюць альбом на вершы святой Тэрэзы

Пераклад на беларускую мову зрабіў інжынер Павел Хівук, а музыка Андрусь Такінданг стварыў песні. Падрабязнасці распавялі самі аўтары праекту.

Цудоўны і ўнікальны праект ствараюць беларускія вернікі – альбом песень на вершы святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Відэа з рэпетыцый выклаў на сваёй старонцы каталіцкі вернік Андрусь Такінданг – разам са спявачкай Крысцінай яны выканалі дзве песні з новага альбому (відэа глядзіце ніжэй).

Музыка распавёў Katolik.life пра сутнасць праекту: плануецца выдаць альбом з 11 кампазіцый на вершы святой Тэрэзы з Лізьё. Андрусь рабіў музычныя апрацоўкі і адаптоўваў словы пад песні. А падбіраў вершы святой Тэрэзы і перакладаў іх з французскай на беларускую мову, а таксама забяспечваў запіс матэрыялу Павел Хівук, якому і належыць ідэя праекту.

Павел – інжынер з Беларусі, які цяпер жыве ў Францыі, але штотыдзень ездзіць у беларускую грэка-каталіцкую царкву ў бельгійскім Антверпене. Там ён навярнуўся да Бога і быў ахрышчаны дарослым. Цяпер ён не толькі наведвае грэка-каталіцкую парафію ў Антвэрпэне, але і ўсяляк падтрымлівае царкву, нават стварыў для яе іканастас.

Ідэя стварэння альбому стала плёнам асабістых перажыванняў Паўла:

«Пачалося з таго, што дачка ад школы паехала ў пілігрымку ў Лізьё перад Першай Камуніяй. Я загугліў святую Тэрэзу, пачаў чытаць пра яе, і з таго часу ў жыцці адбылася перазагрузка. Пачаў слухаць французскія песні на яе вершы. І тады прыходзіла натхненне перакладаць той ці іншы верш. А калі пазнаёміўся з Андрусём, прапанаваў яму паспрабаваць зрабіць беларускамоўны альбом».

Мелодыі для большасці песень бралі ўжо існуючыя, як і радкі з вершаў, на якія ствараліся французскія кампазіцыі, дадаў Павел. Але ёсць і арыгінальныя творы – напрыклад, музыку да песні «Прагну неба» напісаў сам Андрусь:

«Гэты альбом стаў вынікам маіх асабістых перажыванняў, адчуванняў, а музычнае пераасэнсаванне – вынік таленавітай працы Андруся».

Таму менавіта ў Антверпене плануецца першы канцэрт-прэзентацыя альбома. Цяпер ідуць рэпетыцыі, да праекта далучацца іншыя музыкі.

Канцэрт у грэка-каталіцкай царкве ў Антвэрпэне мяркуецца арганізаваць 28 верасня – напярэдадні дня ўспаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, які адзначаецца 1 кастрычніка. Аўтары праекту запрашаюць на прэзентацыю ўсіх ахвочых, а пасля абяцаюць зладзіць выступы і ў іншых гарадах.

Media

Last modified onАўторак, 12 Сакавік 2024 12:38
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць