Ні елкі, ні стаенкі – жыццё пры закрытым Чырвоным касцёле цалкам спынілася
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У гадавіну асвячэння храма ля яго дзвярэй маліўся пробашч – былы. Тым часам стала вядомая рэакцыя на заяву цяперашняга пробашча аб неабходнасці аплаты доўгу.
Апошняя праява рэлігійнага жыцця пры закрытым ужо больш за два гады Чырвоным касцёле ў Мінску знікла. Перад Раством тут не з'явілася святочнай елкі, якую ў мінулыя гады ўсталёўвалі ля ўваходу ў храм, пры труне Слугі Божага Эдварда Вайніловіча.
Раней елкі для закрытага храма благаслаўлялі ў Гудагаі і Гомелі і перадавалі іх у Мінск. Таксама няма ля ўваходу ў касцёл і калядных ясляў, якія стаялі ў папярэднія гады пад елкай. Цяпер пры труне Вайніловіча – толькі вазон з кветкамі і адзін букет.
Магчыма, з'явіцца тут і лампада з Бэтлеемскім агнём, які раней дастаўлялі скаўты ў плябанію. Але ў адрозненне ад мінулых гадоў, яна зачынена, малітва там не здзяйсняецца. Адрас плябаніі ўказаны ў раскладзе дастаўкі агню скаўтамі, але без часу і даты.
Нагадаем, у лістападзе ўпершыню пры Чырвоным касцёле не было малітвы аб памерлых. Відавочна, усе гэтыя змены звязаныя са зменай пробашча парафіі святога Сымона і святой Алены. З той пары мінула ўжо чатыры месяцы – за гэты час рэлігійнае жыццё спынілася, а анансаваны ўладамі рамонт так і не быў пачаты: храм па-ранейшаму апячатаны. Instagram парафіі перастаў абнаўляцца, на сайце публікуюць толькі кароткія фармальныя аб'явы.
У канцы лістапада, у 114-ю гадавіну асвячэння Чырвонага касцёла, пра якую, паводле вернікаў «ніхто не ўспомніў», каля дзвярэй закрытага храма маліўся былы пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Ён цяпер займаецца, сярод іншага, развіццём свайго YouTube-канала – у апошнім відэа ён распавядаў пра гісторыю каляднай елкі.
Тым часам, стала вядомая рэакцыя вернікаў на заяву новага пробашча аб тым, што неабходна аплаціць доўг дзяржаве. Паводле некаторых вернікаў, яны паставіліся да гэтага з неразуменнем. У прыватных размовах святар сцвярджаў, што пагашэнне доўгу не звязана з вырашэннем праблемы па адкрыцці Чырвонага касцёла. Таму вернікі не разумеюць, навошта цяпер падымаць гэтае пытанне, і нагадваюць, што раней у Курыя заяўлялі, што выплаты рабіць не трэба, паколькі яны не справядлівыя і занадта вялікія.
Тым больш, што ўся бухгалтэрыя і фінансавая дакументацыя засталіся ў закрытым храме – забраць яе цягам усяго гэтага часу так і не дазволілі.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Стала вядома, дзе могуць стварыць «духоўны цэнтр» для католікаў у Беларусі
-
Чырвоны касцёл у Мінску пакуль не адкрыюць – агучана афіцыйная прычына
-
Знойдзены самы папулярны ў сацсетках беларускі святар. Што ён посціць?
-
Для чаго ў Беларусі хочуць стварыць «рэлігійныя цэнтры», патлумачыў дэпутат
-
Нацыянальны дзень малітвы ўстанавілі ва Украіне як крыніцу сілы